Пікет і шэсце правацэнтрысцкай кааліцыі ў Менску



Прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі — руху „За Свабоду”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі і аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” — правялі ў Менску акцыю ў падтрымку еўрапейскага выбару Беларусі.

Акцыя пачалася паўгадзінным пікетам каля ЦУМа. У ёй бралі ўдзел каля 30 чалавек, у тым ліку палітыкі Юрый Губарэвіч, Анатоль Лябедзька, Алесь Лагвінец, Віталь Рымашэўскі, Вольга Кавалькова і іншыя.

img_2438_logo

Удзел у мерапрыемстве ўзяў і старшыня Еўрапейскай Народнай Партыі Жозэф Доль.

«Я задаволены, што на Еўрапейскі пікет прыйшло так шмат людзей,» — гаворыць намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч:

— Людзі з розных арганізацыі, а гэта значыць, што яны салідарныя ў тых пытаннях і тых праблемах, якія стаяць перад Беларуссю і гатовыя падтрымліваюць адзін аднаго. Пляцоўка перад ЦУМ-ам — бойкае месца, дзе за час пакуль мы тут стаялі сотні мінакоў здолелі азнаёміцца як з кандыдатамі ад Правацэнтрысцкай кааліцыі, так і з нашым супольным пасланнем.

«Мы будзем намагацца далей праводзіць пікеты, пакуль іх можна легальна ладзіць да канца выбараў,» – дадаў Юрась Губарэвіч. Удзельнікі пікета раздавалі мінакам інфармацыйныя матэрыялы да гутарылі з мінакамі. З кароткімі прамовамі праз гукаўзмацняльнік выступілі кіраўнікі Правацэнтрысцкай кааліцыі.

На пікеце прадстаўнікі кааліцыі распавядалі пра перадвыбарныя праграмы сваіх кандыдатаў у дэпутаты, у прыватнасці, пра неабходнасць правядзення ў Беларусі структурных рэформаў, якія магчымыя толькі пры змене ўлады.

Таксама яны казалі пра тое, што дэпутатаў у Беларусі «не абіраюць, а прызначаюць». Пры гэтым прадстаўнікі кааліцыі заклікалі выбаршчыкаў галасаваць толькі ў асноўны дзень выбараў, а не падчас датэрміновага галасавання.

img_2536_1_logo

Пасля чаго каля двух дзясяткаў удзельнікаў акцыі накіраваліся па праспекце Незалежнасці з партыйнымі і бел-чырвона-белымі сцягамі да будынка Белтэлерадыёкампаніі на вуліцы Макаёнка. Каля офіса Белтэлерадыёкампаніі адбыўся кароткі мітынг і перадача звароту Генадзю Давыдзьку супраць цэнзуры ў дзяржаўных СМІ.

img_2584_logo

Палітыкі выказалі абурэнне малой колькасцю эфірнага часу для перадвыбарчых выступаў на радыё і тэлебачанні. «Цэнзура з’яўляецца адной з найбольшых праблем для дэмакратычных арганізацый і кандыдатаў,» — гаворыць кандыдат у дэпутаты Вольга Кавалькова:

— Канешне мы як кандыдаты выступаем за свабоду слова, мы супраць цэнзуры, якая цяпер ёсць і якую мы адчуваем як кандыдаты, што нават у «Вечернем Минске» надрукавалі дробным друкам з 60-ці кандыдатаў у адным нумары па 5 хвілін. Гэта непрымальна.

«Асноўны спосаб распаўсюду інфармацыі застаецца толькі ў незалежных СМІ,» — дадала кандыдат у дэпутаты Вольга Кавалькова. Пікет ля будынка БТ доўжыўся каля 20 хвілін. Пасля выступаў і перадачы петыцыі кіраўніцтву Белтэлерадыёкампаніі мітынгоўцы мірна разышліся.

Акцыя адбылася мірна і без затрыманняў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: novychas.by