Пікет Караткевіч у Воршы: затрыманне ДАІ і прыхільнік „русского мира”



Таццяна Караткевіч 17 жніўня правяла серыю сустрэч з выбарцамі. Прэтэндэнтка ў прэзідэнты здзяйсняла паездкі па гарадах усходняй Беларусі. Яна завітала ў Магілёў, Шклоў, а затым у Воршу.

Па дарозе ў Воршу машына, у якой знаходзілася Караткевіч, на 25 хвілін была затрыманая супрацоўнікамі ДАІ. Пасля вырашэння ўсіх пытанняў яна прыехала ў горад і побач з пікетам са зборам подпісаў у сваю падтрымку пагутарыла з людзьмі. Пікет адбыўся на цэнтральнай плошчы Оршы.

Варта адзначыць, што прыезд Таццяны Караткевіч выклікаў сапраўдную цікавасць гараджанаў. Людзі актыўна падыходзілі – нехта выказваў незадавальненне, нехта не верыў у перспектывы Караткевіч, але збольшага аршанцы ставілі свае подпісы і пыталіся пра медыцыну, адукацыю, культуру. За час пікету было сабрана каля 100 подпісаў у падтрымку Таццяны Караткевіч.

Наведаў пікет і прыхільнік так званага „русского мира”. Ён не саромеўся хадзіць побач з пікетам у саколцы з надпісам „С нами Бог”, выявай расейскага імперскага сцяга і гербам Воршы часоў Расейскай імперыі.

Арганізатары і ўдзельнікі пікета не чапалі яго з-за верагоднасці правакацыяў. Малады чалавек фатаграфаваўся на фоне бел-чырвона-белага сцяга, камусьці ўвесь час тэлефанаваў і спрабаваў давесці людзям свае погляды.

[Not a valid template]

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара