Пікет-перформанс у цэнтры Віцебска



Каля пікета па зборы подпісаў за вылучэнне на ўдзел у выбарах Ірыны Яскевіч невыпадкова спыняюцца мінакі. Удзельнікі ініцыятыўнай групы патэнцыйнай кандыдаткі – прыхільнікі БХД і іншыя аднадумцы – штодня ладзяць перформансы, прышпільваючы да адзення плакацікі з тэматычнымі надпісамі. Першым такім пікетам-перформансам стаў пратэст супраць аб’яднання з Расеяй, калі ўдзельнікі прышпілілі на адзенне плакаты «Не – расейскай акупацыі», «Не – саюзнай дзяржаве», а праз пару дзён мінакі спыняліся каля пікету, прачытаўшы надпісы «Не проста Марыя». Нехта з мінакоў адразу здагадваўся, што гэта – прысвячэнне 22-гадовай спадарожніцы Аляксандра Лукашэнкі, якая таксама збіраецца ў дэпутаты Парламенту. Ініцыятыву пікетоўцаў тлумачыць удзельніца Алена Янушкоўская:

– Праблем у Беларусі вельмі шмат. Мы выбіраем самыя вострыя. Быў пікет супраць расейскай агрэсіі, у падтрымку палітвязняў і супраць палітычных рэпрэсіяў. Яшчэ быў плакат «Не проста Марыя», бо мы супраць такіх дэпутатаў у нас, нам патрэбны сапраўдныя дэпутаты, а не «проста Марыі».

Са з’яўленнем плакатаў увага да пікету ўзрасла, хаця і не ўсе мінакі згодныя з пікетоўцамі. І не кожны, хто спыніўся, ставіць свой подпіс, але важна іншае, кажа патэнцыйная кандыдатка Ірына Яскевіч:

– Нехта проста пасмяецца, маўляў, чаго яны тут стаяць, гэта ж усё адно ні на што не ўплывае. Але я лічу, што гэта і ёсць сапраўдная дэмакратыя, калі ў чалавека ёсць месца, дзе ён можа неяк звярнуць увагу на тое, што яго турбуе.

На думку старшыня гарадской арганізацыі АГП, стваральніцы прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам» Ірыны Яскевіч, перыяд збору подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты трэба як мага больш эфектыўна выкарыстоўваць для зносінаў з людзьмі – каб яны не адчувалі сябе пакінутымі ў сённяшніх складаных эканамічных і палітычных умовах.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя