Сяргей Ціханоўскі: Беларусы хочуць зменаў (абноўлена)
У Менску каля Камароўскага рынку адбыўся збор подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, жонкі папулярнага блогера Сяргея Ціханоўскага, ініцыятыўную групу якога Цэнтрвыбаркам не зарэгістраваў. Таксама пікеты праводзілі Уладзімір Няпомняшчых з пратэстнай каманды Міколы Статкевіча, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова. Яны подпісаў не збіралі, а агітавалі людзей далучацца да назірання за выбарамі.
Ланцуг людзей, якія прыйшлі падпісацца за Святлану Ціханоўскую, расцягнуўся на паўкіламетра і за некалькі гадзінаў нават павялічыўся. Тысячы людзей сустракалі Сяргея Ціханоўскага, які прысутнічаў на пікеце, воплескамі.
Сваю нечаканую папулярнасць і падтрымку сам блогер тлумачыў тым, што людзі хочуць зменаў да лепшага ў краіне, яны стаміліся ад ілжы і жадаюць праўды:
– Мы ўжо пачалі ездзіць па краіне, вельмі шмат людзей захацела даць інтэрв’ю, распавесці пра свае праблемы, людзей пачало прыходзіць усё больш і больш, улада спужалася і пасадзіла мяне ў турму. А потым таксама спужаўшыся, адпусціла. Гэта агонія проста. У мяне такое ўражанне, што там ніхто нічым не кіруе, а проста затыкаюць дзіркі, калі ўзнікаюць якія праблемы. У любы горад, куды мы прыязджаем, даём анонс некалькі гадзінаў толькі – і ўжо сотні людзей выходзяць. Гэта не ў інтэрнэце прыхільнікі. Беларусы хочуць зменаў.
Як сказаў Сяргей Ціханоўскі, галоўнай яго задачай ёсць спроба дабіцца сумленных выбараў, без чаго мірныя перамены немагчымы. «Нам патрэбен сумленны і выбраны, а не прызначаны парламент, нам патрэбны сумленныя суды, нам патрэбна мясцовае самакіраванне і шмат іншых зменаў» – кажа Сяргей Ціханоўскі
Беларускае Радыё Рацыя
***
Як сказаў Сяргей Ціханоўскі, ён не чакаў такой вялікай колькасці людзей:
– Не чакаў такой вялікай падтрымкі беларусаў, што прыйдзе так шмат людзей паставіць свой подпіс за сумленныя выбары, і падтрымаць мяне і маю жонку. Самае галоўнае – гэта паказаць вось гэтую падтрымку, таму што шматлікія нашы падпісчыкі скардзяцца, што іх прымушаюць на дзяржаўных прадпрыемствах ставіць подпісы за Лукашэнку. І ніхто з уладаў, выбарчых камісіяў не рэагуе на гэта. Ніхто не верыць у сумленныя выбары, ніхто! Выбараў няма. Людзі сёння паказалі пазіцыю, а заўтра яны выкажуць свой працяглы мірны пратэст. Я не ведаю.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
***
24 траўня блогер і палітык праводзяць супольную акцыю ў межах выбарчай кампаніі.
Ініцыятыўныя групы Сяргея Ціханоўскага і Міколы Статкевіча не былі зарэгістраваныя ЦВК.
Ціханоўскаму адмовілі праз адсутнасць яго подпісу на пададзеных дакументах (на момант падачы ён адбываў адміністратыўны арышт), Статкевічу – праз наяўнасць у спісах ініцыятыўнай групе непраўдзівых звестак (такую ж адмову атрымалі амаль усе іншыя «кандыдаты пратэсту»).
Аднак ЦВК зарэгістраваў ініцыятыўныя групы жонкі Ціханоўскага Святланы, а таксама аднаго з паплечнікаў Статкевіча Уладзімера Няпомняшчых.
Свабода ладзіць жывую трансляцыю з пляцоўкі ля Камароўскага рынку ў Менску.
На пляцоўцы ля Камароўскага рынку сабралася некалькі соцень чалавек. Ля сталоў для збору подпісаў за Няпомняшчых і Ціханоўскую ўтварыліся чэргі.
Чарга жадаючых паставіць подпіс за вылучэнне Святланы Ціханоўскай і Уладзімера Няпомняшчых працягнулася ад Камароўкі да плошчы Якуба Коласа. З’яўленне блогера Ціханоўскага людзі сустрэлі авацыямі.
Фота: svaboda.org