Пікет у гонар незалежнасці



У межах выбарчай кампаніі правацэнтрысты збіраюцца адсвяткаваць неафіцыйны Дзень незалежнасці ў цэнтры Менска. На акцыю запрашае адзін з лідараў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі:

— 27 ліпеня ў 18-00, каля ГУМа адбудзецца пікет правацэнтрысцкай кааліцыі з удзелам прэтэндэнтаў ў кандыдаты, зарэгістраваных па Менску. Дэкларацыя аб незалежнасці Беларусі — гэта безумоўна свята. Гэта тая дата і той дзень, які беларусы мусяць адзначаць і мы запрашаем усіх неабыякавых людзей прыходзіць з бел-чырвона-белымі сцягамі на вуліцу. Мы будзем рады бачыць не толькі сябраў правацэнтрысцкай кааліцыі, але ўсіх для каго каштоўнасць незалежнасці і беларускай дзяржаўнасці блізкая. Запрашаю ўсіх.

 

Нагадаем, што 27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет БССР прыняў дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. З таго часу Дзень Незалежнасці адзначаўся штогод менавіта 27 ліпеня. Але ў выніку рэферэндуму 1996 года дату галоўнага дзяржаўнага свята перанеслі на 3 ліпеня.

Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя