Пікет у падтрымку журналістаў-фрылансераў



“Без свабоды слова няма сумленных выбараў”, – пад такой назвай заўтра ў Менску мае адбыцца “вялікі тэматычны пікет салідарнасці з журналістамі-фрылансерамі і ЗА свабоду слова”. У такім фармаце Аб’яднаная грамадзянская партыя будзе праводзіць каля сталічнага ЦУМа збор подпісаў за вылучэнне свайго лідара Анатоля Лябедзькі кандыдатам у прэзідэнты, распавяла прэс-сакратар АГП Ганна Красуліна:

– Пікет – гэта магчымасць пра гэта заявіць. Пакуль мы яшчэ можам праводзіць пікеты, мы гэта робім. Мы хочам падтрымаць БАЖ і яго зварот у Генпракуратуру пра тое, што журналістам-фрылансерам не даюць магчымасці працаваць.

“Журналісты вельмі часта церпяць на сабе ціск уладаў. Асабліва гэта датычыць фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ і праз гэта вымушаныя плаціць дзяржаве вялізныя штрафы», – адзначае Ганна Красуліна. У прыватнасці АГП асабліва хоча падтрымаць Аліну Літвінчук з Берасця, якая сёлета ўжо неаднойчы падвяргалася пераследу ўладаў і атрымала буйныя штрафы за журналісцкую працу без акрэдытацыі. Пачатак пікету у падтрымку свабоды слова каля сталічнага ЦУМа ў 13 гадзін.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота mediakritika.by