Пікеты і затрыманні ў Менску
Як паведамляе Паваабарончы Цэнтр „Вясна”, супрацоўнікі ў цывільным затрымалі Паўла Севярынца, яго затрымалі каля дома, за палітыкам сачылі ціхары яшчэ з Камароўкі і ў метро.
Таксама затрыманы Вераніка Мішчанка, Вольга Нікалайчык, Алег Баброўскі, Валянцін Фралоў і яшчэ як мінімум 2 чалавекі.
Затрымалі хлопца, што трымаў таблічку з надпісам пра тое, што адбылося ў Беларусі за апошнія 26 гадоў. Да яго падышлі супрацоўнікі і запіхнулі ў звычайную машыну.
* * *
На пляцоўцы каля Камароўскага рынку ў Менска адбываецца буйны збор подпісаў за альтэрнатыўных Аляксандру Лукашэнку кандыдатаў на прэзідэнцкія выбары. Але з самага пачатку мерапрыемства міліцыя пачала чыніць перашкоды зборшчыкам подпісаў за Святлану Ціханоўскую. Была затрымана машына, на якой прывезлі сталы, стэнды, намёты. Затрыманы і яе кіроўца, Алег Баброўскі. Па словах Марыі Мароз – актывісткі ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, гэта грубае парушэнне выбарчага заканадаўства:
– Сёння ў нас затрымалі члена нашай ініцыятыўнай групы. Яго спыніла ДАІ. У ягонай машыне былі намёты, сталы, усё тое, што патрэбнае для пікету. Ён мне патэлефанаваў, што яго спыніла міліцыя, каб я падышла паглядзела. Ён адкрыў акенца і сказаў, што заехаў пад знак. Гэта адміністрацыйнае правапарушэнне. Гэта не падстава, каб затрымліваць чалавека на цэлы дзень, тым больш што ён мусіць выконваць сваю функцыю як член ініцыятыўнай групы – збіраць подпісы.
Міліцыя не толькі затрымала кіроўцу машыны, але і адмовілася аддаць рэчы, неабходныя для збору подпісаў. Але сябры групы здолелі аператыўна арганізавацца, знайсці крэслы і ў нязручных умовах, пад дажджом, пачаць збор подпісаў. Па словах Марыі Мароз, міліцыя відавочна парушыла выбарчае заканадаўста і яе дзеянні будуць абкарджаны у Цэнтрвыбаркам і іншыя ўстановы.
* * *
Каля Камароўскага рынку у Менску збіраюць подпісы за вылучэнне ў прэзідэнты альтэрнатыўных Аляксандру Лукашэнку кандыдатаў. Людзі аддаюць свае подпісы за Віктара Бабарыку, Валера Цапкалу, Андрэя Дзмітрыева, Сяргея Чэрачэня. Аднак найбольш народу стаіць да сябраў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, чый муж і кіраўнік ініцыятыўнай групы Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца за кратамі пасля правакацыі супраць яго, учыненай супрацоўнікамі міліцыі ў Гародні. Як кажуць прыйшоўшыя паставіць подпіс за Святлану Ціханоўскую, гэта і знак падтрымкі, і голас за перамены:
– Падпісваемся, бо ўжо стаміліся ад дадзенай сітуацыі ў краіне. Уладу пара мяняць даўно ўжо.
– Ставім подпісы за Ціханоўскіх. Бо яны падарылі надзею ўсяму народу. Дзякуй ім!
– Галасуем за Ціханоўскую. Стаім дзеля новай улады. Хочам нечага новага ўжо.
– Стаім з адной мэтаю, – каб падпісацца і, канешне, нешта змяніць у гэтай краіне. Таму што гэта ўсё нас усіх вельмі дастала. І, зразумела, што нягледзячы на ўсе правакацыі мы прыходзім і хочам нешта змяніць. Таму і стаім.
Людзей, якія прыйшлі падпісацца на пляцоўку ля Камароўскага рынку было менш, чым у мінулы раз, калі чарга жадаючых паставіць подпіс за Святлану Ціханоўскую расцягнулася больш чым на кіламетр. Тым не менш і зараз людзей вельмі шмат. Людзі сыходзяць, але чарга не змяншаецца, прыходзяць новыя грамадзяне.
* * *
У Менску каля Камароўскага рынку праходзіць збор подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты. Сярод пікетаў ініцыятыўныя групы Цапкалы, Дзмітрыева, Ціханоўскай, Губарэвіча, Бабарыкі, Казлова, Канапацкай, Чэрачаня, Кавальковай.
Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру „Вясна”, каля 10.30 гадзін раніцы ў Менску затрыманы Алег Баброўскі – сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.
За адзін квартал каля Камароўкі, на вуліцы Кульман, 1 заўважана некалькі аўтазакаў.