Пінск-1990: галасую за Беларусь!



Роўна трыццаць год таму, 4 сакавіка 1990 года, ў краіне адбыліся першыя альтэрнатыўныя выбары. Колькі спадзяванняў, шчырай працы, надзеі і трывогі было ў той кампаніі. Прэтэндэнты на дэпутацкі мандат, як маглі паказвалі свае здольнасці ў падрыхтоўцы плакатаў, стэндаў, прамоў. Мітынгі, пікеты, сустрэчы… У той вір падзей пераносяць архіўныя дакументы і перш за ўсё ўлёткі. Яны захоўваюць энергію, подых непаўторнай вясны 1990 года, бо нараджаліся ў руплівай працы кандыдата і ягонай каманды.

У ходзе выбараў 1990 года казалі пра неабходнасць рашучай барацьбы з бюракратыяй, абяцалі прыціснуць наменклатуру, палепшыць сацыяльна-эканамічны стан, паменьшыць ролю КПСС, казалі пра ўсё, акрамя незалежнасці. Але менавіта абранаму тады Вярхоўнаму Савету БССР наканавана стаць першым парламентам суверэннай Беларусі. Рэгіянальныя Саветы народных дэпутатаў атрымалі на месцах рэальныя паўнамоцтвы самакіравання.

Тую кампанію разгледзім на прыкладзе Пінска. Тут балатаваліся досыць каларытныя асобы, многія сталі вядомымі грамадска-палітычнымі дзеячамі. Яшчэ істотная акалічнасць – народныя абраннікі мясцовага Савета дэпутатаў адныя з нямногіх у СССР асудзілі дзеянні “ГКЧП” і заклікалі жыхароў Пінска і Пінскага раёна не падпарадкоўвацца групе “ястрабаў” на чале з віцэ-прэзідэнтам СССР Генадзем Янаевым.

Вось у скрачэнні тая заява надрукаваная 20 жніўня 1991 года ў газеце “Пінскі веснік”:

“Насуперак логіцы і здароваму сэнсу, па даўно адрэпеціраваным сцэнары (1964 г. звяржэнне Хрушчова і прыход да ўлады Брэжнева, 1991 г. – Камітэт Нацыянальнага выратавання, Літва) не абвясціўшы заключэння лекараў пра здароўе Прэзідэнта, Янаеў і група „ястрабаў” абвясціла аб захопе ўлады нейкім дзяржаўным камітэтам па надзвычайным становішчы. Ясна, што дзяржаўны пераварот, зроблены невялікай групай асобаў, відавочна непапулярных, але якія маюць у руках, як ім здаецца, „вялікую дубіну” у асобе арміі, дзяржбяспекі і міліцыі, мае намер паставіць на калені народ, задушыць дэмакратыю, што нараджаецца і свабоду відавочна па надуманых падставах „хваробы” Прэзідэнта Гарбачова незаконна захапіць уладу, спрабуюць у чарговы раз падмануць народ крывадушным зваротам да яго. Усё гэта адбываецца напярэдадні падпісання Саюзнай дамовы, дзе наш народ навечна развітваўся з „сацыялістычным” выбарам, бо у назве краіны павінна было быць выкінутае слова „сацыялістычны”. Ясна, што дзяржаўны пераварот здзейснены прыхільнікамі вяртання краіны ў недалёкае мінулае, дзе ўсе мы жылі пад страхам і прыгнётам камуністычнай дыктатуры…Заклікаем вас праявіць грамадзянскую мужнасць, адмовіць у падтрымцы камуністычным дачаснікам…”. Сярод падпісантаў дэпутат ВС БССР Алампіяў, дэпутаты гарадскога Савета: Ярашук, Шатохін, Аўсяенка, Кісель, Моргаль, Красоўскі, Бахцераў, Гетун, Таламай, Тарэлка, Андрэеў, Алізарэвіч.

На цэнтральнай гарадской плошчы ў атачэнні грамадзян дэпутаты Пінскага Савета Віктар Ярашук (сацыял-дэмакратычная Грамада) і Яўген Шатохін (БНФ “Адраджэнне”).

Незалежны клуб выбаршчыкаў: нам патрэбныя дэпутаты-дэмакраты!

Недзе за тыдзень да галасавання да жыхароў Пінска праз невялічкую ўлётку звярнуўся Незалежны клуб выбаршчыкаў. НКВ заклікаў грамадзян не падтрымоўваць прадстаўнікоў партыйна-адміністрацыйнага апарата і аддаць свой голас за прэтэндэнтаў ад дэмакратычнай альтэрнатывы.

“У нашым жыцці набліжаецца вельмі важная падзея, 4 сакавіка выбары ў Саветы. Ад вашага выбара залежыць дальнейшы лёс вашы і вашых дзяцей. Альбо наша грамадства пакрочыць яшчэ глыбей у прорву застоя альбо пачне рух наверх да цывілізацыі. Прадстаўнікі адміністрацыйна-каманднай сістэмы, якія давялі нас да стану, ў якім мы знаходзімся, замест таго, каб сыйсці, зноў рвуцца да “руля”. Скажам ім нашае “НЕ”, хопіць, дарулілі! Нам патрэбныя дэпутаты Саветаў з дэмакратычна настроеных, смелых, кампетэнтных людзей, для якіх боль народа – іх боль. Па вашай выбарчай акрузе ёсць такія кандыдаты. Заклікаем прагаласаваць за кандыдатаў: у Вярхоўны Савет БССР – Сярэдзіч, у Абласны Савет – Мельнік, у Гарадскі Савет – Красоўскі…”.

Адна з улётак Незалежнага клуба выбаршчыкаў у Пінску.

Праўдзівы паляшук з простай сялянскай сям’і…

Дарэчы ў той кампаніі на Піншчыне ў многіх агітацыйных матэрыялах кандыдатаў рабіўся ўхіл на “паляшуцкасць”. Магчыма, што гэтым падкрэслівалі карэнную сувязь з краем, а магчыма была пэўная даніна палітычнаму трэнду – тады на Берасцейшчыне актыўнічала аб’яднанне “Поліссе” Міколы Шэляговіча.

“4 сакавіка Вам трэба будзе абраць аднаго народнага дэпутата БССР па 133 Пінска-ўсходняй акрузе з дзевяці кандыдатаў. З усіх годных кандыдатаў Вы павінны абраць самага лепшага, таго, хто максімальна можа выканаць Вашыя парады па паляпшэнню Вашага жыцця. Такім кандыдатам з’яўляецца Рагашук М.У., праўдзівы паляшук, выхадзец з простай сялянскай сям’і. Яму вельмі добра знаёмыя недахопы і несправядлівасці пануючыя ў нашым грамадстве. Наш кандыдат прынцыповы, сумленны, смелы, поўны жыццёвай энэргіі. За все гэтыя і іншыя якасці калектыў інстытута “Палессегіправодгас” абраў яго старшынёй прафкома і амаль адначасова высунуў яго кандыдатуру ў народныя дэпутаты БССР. Валодаючы дастатковай шыратой поглядаў, мае ўласнае меркаванне па розным праблемам нашага жыцця…”, – пісала группа падтрымкі старшыні прафкома.

Паведамленне ад Тэрытарыяльнай выбарчай камісіі.

БНФ: Мы не здабылі ня толькі дабрабыту, мы не здабылі і незалежнасці!

У Пінску, як і па ўсёй краіне, ў перыяд агітацыіі з’явілася выданне выбарчай камісіі БНФ “Галасую за Беларусь”. У ёй другавалася выбарчая платформа Беларускага Народнага Фронту. Вялікі матэрыял, але тады грамадства чытала, хацела пачуць канкрэтных прапаноў.

“Шмат працы і крыві аддаў наш народ, каб адстаяць сваю незалежнасць і пабудаваць жыццё, вартае свабоднага чалавека. Але сёння, праз гады непадзельнай улады наменклатурнай партбюракратыі, мы фактычна стаім перад зглумленым храмам: наша зямля забруджана радыёнуклідамі ды нітратамі, паветра атручана выкідамі прамысловых прадпрыемстваў, а вада – сцёкамі з хворых палёў і жывёлагадоўчых фермаў. Ніякія намаганні не даюць плёну. Нашая сістэма прамысловасці ня можа наладзіць выпуску тавараў, якія б знаходзіліся на ўзроўні міжнародных патрабаванняў, і што б не радзіла нашая зямля – на прылаўках магазінаў бракуе дастатковай колькасьці прадуктаў. Мы не здабылі ня толькі дабрабыту, мы не здабылі і незалежнасці. Сёння мы павінны прасіць ў Масквы тое, што належыць нам па праву. Чарнобыльская катастрофа бязлітасна высветлівае наш сапраўдны стан у Саюзе – стан паўкалоніі… Выбарчая платформа БНФ “Адраджэнне” грунтуецца на прынцыпах: зямля і заводы – тым, хто на іх працуе, улада Саветам – тым, хто адстойвае інтарэсы народу, аддае яму свае веды і працу…”, – гаварылася ў выданні “Галасую за Беларусь”.

Тое самае выданне БНФ

Пінскае гарадское аддзяленне БНФ: яны не павінны прайсці!

Агульную адозву да пінчукоў падрыхтавалі мясцовыя актывісты БНФ. У звароце “Яны не павінны прайсці!” грамілася мясцовая партнаменклатура і “выканкамаўскія босы”. Гаварылася пра ціск на незалежных кандыдатаў, пагрозы і распаўсюд хлусні пра дэмакратычных прэтэндэнтаў.

Пінскія чальцы БНФ папярэджвалі выбаршчыкаў: “Можа адбыцца непапраўнае – дэмакратычным шляхам будзе абраны недэмакратычны дэпутацкі корпус, які будзе складацца з ранейшых “гаспадароў” і іх набліжаных. І зноў яны застануцца ў кармушкі, і зноў будуць кіраваць нашым лёсам, не маючы на тое маральнага права. Памятайце, што Вашы няўдзел у выбарах – на руку праціўнікам перабудовы!”.

На прыканцы лютага Пінск перапаўнялі чуткі, што Беларускі Народны Фронт рыхтуе акцыі пагромаў. Невядомыя аўтары паклёпу папярэджвалі “камуністаў і габрэяў”. Магчыма, гэта была рэакцыя ўладаў на распаўсюджаную актывістамі БНФ ўлётку “Яны не павінны прайсці!”. На плёткі, якія наносілі шкоду фронтаўцам, гарадская арганізацыя адказала зваротам да гараджан.

“У апошні час, па меры набліжэння выбараў, па горадзе распаўсюджваюцца чуткі пра нібыта маючыя адбыцца пагромы і іншыя акцыі, накіраваныя супраць камуністаў, яўрэяў, работнікаў апарата кіравання. Наўпрост ці ўскосна ў датычнасці да такога роду акцыяй абвінавачваецца гарадское аддзяленне Беларускага Народнага Фронту, Клуб выбаршчыкаў і іншыя нефармальныя арганізацыі. Усе гэтыя чуткі ўносяць неспакой і напружанасць у жыццё горада, выкарыстоўваюцца некаторымі работнікамі апарата для падрыву аўтарытэту прагрэсіўна настроеных кандыдатаў у народныя дэпутаты. У сувязі з гэтым заяўляем, што ўсе нефармальныя арганізацыі горада, ў тым ліку і Пінскае аддзяленне БНФ, дзейнічаюць на шырокай інтэрнацыянальнай аснове, прызнаючы права ўсіх нацый i народнасцяў на раўнапраўнае развіццё. Мы рашуча асуджаем любы экстрэмізм і нецярпімасць у нацыянальным пытанні, нас абурае дзейнасць правага крыла „Памяці”. Нацыянальнае і духоўнае адраджэнне беларускага народа зусім не азначае ганенняў на іншыя нацыянальныя групы, а, наадварот, магчымае толькі сумеснае і раўнапраўнае развіццё ўсіх культур…”.

Улётка за праўладнага кандыдата

Камуністы ідуць адзінымі шэрагамі

У адрозненні ад прадстаўнікоў дэмакратычнага лагера, які быў сапраўды стракаты ва ўсіх сэнсах ад асобаў, агітацыйных матэрыялаў, заяў ды праграм – кандыдаты ад Кампартыі мелі адзіны шаблон улётак, падобныя выступы, абяцанні, напісаную ў адзіным стылі біяграфію і г.д. Так бы мовіць партыйная дысцыпліна. Было месца і пэўным крытычным заўвагам.

Напрыклад чалец КПСС, кандыдатка ў дэпутаты ВС БССР, 27-гадовая Ірына Жук у сваёй улётцы абяцала: “Адмяніць усілякія наменклатурныя прывілеі, не ўстаноўленыя законам”. Нібы крытычны погляд на сітуацыю ў краіне, толькі вось паўсюль тое “але”. Якія тыя прывілеі “пад законам, а якіе не”, хто пасля будзе высвятляць. Камуністы абяцалі неадкладна разабрацца з наступствамі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, памылкамі вайсковай кампаніі ў Афганістане, хібамі ў эканоміцы і дзяржаўным кіраванні. Абяцалі звярнуць больш увагі на захаванне традыцый, культуры і гісторыі. Праблема для партыйна-савецкага актыву была ў тым, што яны хутка гублялі аўтарытэт і веру ў грамадстве. Шмат у чым ёсць падабенства да сённяшняга дня.

Чальцы КПСС

Ён дайшоў да Масквы і яго не спыніла ЦК КПБ!

Ва ўлётках за Іосіфа Сярэдзіча, які балатаваўся па 133-й Пінска-ўсходняй акрузе, гаварылася пра мужнага паляшука-журналіста, якога вырасціла палеская зямля і пра якую ягоныя думкі. Маўляў Сярэдзіч-праўдаруб, ніколі не баяўся пісаць праўду на старонках “Савецкай Беларусі”. Пінчукам каманда Сярэдзіча нагадала некалькі, сапраўды гучных артыкулаў. “Гэта дзякуючы ягонаму смеламу артыкулу “Як з адной свінні дзве скуры здымалі” ў 1978 годзе на Пінскім мясакамбінаце была выкрытая і прыцягнутая да адказнасці група, якая займалася крадзяжом і сапсаваннем мясных вырабаў… Гэта дзякуючы яго востракрытычнай публікацыі “Раскол” былі вызваленыя ад пасадаў кіраўнікі-ўзурпатары Палескай вопытна-балотнай станцыі… Сярэдзіч І.П. адным з першых у рэспубліцы выступіў супраць спусташэння прыватных гаспадарак, падняў трывогу пра нітраты – яды, што атручваюць арганізм чалавека. Дзякуючы яму “Савецкая Беларусь” аб’явіла вайну незаконным, надуманым ільготам…Журналіст Сярэдзіч І.П. дайшоў да Масквы, але не быў зламаны загадчыкам аддзела прапаганды ЦК КПБ тав. Паўлавым С.Е. (ужо былым), які пагражаючы пазбаўленнем працы, патрабаваў апублікаваць артыкул, які скажае гістарычную праўду, але добрую для аднаго з высокіх чыноўнікаў. З’яўленне нядаўна (17 студзеня) артыкула “Пакаранне за… высакароднасць”, аўтарам якой з’яўляецца Сярэдзіч І.П., падобна грому пасярод яснага неба. Пра яе цяпер гаворыць уся рэспубліка. І гэта зразумела: узнятая тэма, якая да дагэтуль не закраналася ніводнай газетай краіны, – пра таемнае і галавакружнае павышэнне заробкаў савапарата. І гэта ў той час, калі 40 мільёнаў савецкіх людзей знаходзяцца за мяжой беднасці!…”, – з агітацыйных матэрыялаў у падтрымку Іосіфа Сярэдзіча.

Шмат у Сярэдзіча было лозунгаў за Палессе, ў абарону Палесся. Канечне, Сярэдзіч не казаў пра нейкую аўтаномію або ўвогуле незалежнасць краю, але пытанні гучалі ў палескім кантэксце. Палешукі паверылі свайму хлопцу, Іосіф Паўлавіч паходзіць з вёскі Забараўцы, што ў 20 кіламетрах на поўнач ад Пінска. Падчас дэпутацтва займаў пасаду рэдактара “Народнай газеты”, друкаванага органа парламента, а з 1995 года выдае недзяржаўную газету “Народная Воля”.

У падтрымку Іосіфа Сярэдзіча

Даўно змагаецца з бюракратамі, а дзе былі іншыя?!

“Задумайцеся, дзе былі 2-3 гады таму тыя кандыдаты, якія сёння выступаюць з такімі цудоўнымі праграмамі, але голас якіх, на жаль, ня быў чутны тады. Дзе былі яны і, ў чым выявілася іх грамадзянская пазіцыя, іх мужнасць? Бо службовае становішча многіх з іх дазваляла зрабіць вельмі шмат па самым балючым пытаннях жыцця людзей. Мы ўпэўненыя, паважаны выбаршчык, што вы не памыліцеся, аддаўшы свой голас за В.П. Алампіява. Гэта чалавек, які добра ведае Вашы праблемы, таму што ён жыве такім жа жыццём, што і Вы. Ён стаіць у тых жа чэргах, ездзіць разам з Вамі ў перапоўненых аўтобусах і ўсю бязладзіцу нашага жыцця адчувае на сабе гэтак жа, як Вы …”, – з перадвыбарнай улёткі.

Віктар Пятровіч Алампіяў, тады начальнік інфармацыйна-вылічальнага цэнтру прамыслова-гандлёвага аб’яднання “Палессе”, з’яўляўся прэзідэнтам Клуба выбаршчыкаў Пінска. Ён трапіў у Вярхоны Савета з другога тура. У парламенце Алампіяў уваходзіў у Камісію па эканамічнай рэформе, дасягненню эканамічнай самастойнасці і суверэнітэту рэспублікі. Таксама з’яўляўся чальцом Цэнтральнай Рады Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады (БСДГ). Прэзідэнт Клуба выбаршчыкаў Пінска зрабіў улётку у выглядзе здымка, дакладней, гэта і быў здымак.

За В.П. Алампіява!

Сваю смеласць і грамадзянскую пазіцыю ён даказвае штодня

Такі лозунг быў на плакатах Шатохіна. Вядомы беларускі мастак, педагог, заснавальнік Пінскай дзіцячай мастацкай школы Яўген Шатохін (1947-2012) саступіў дэпутацкае крэсла ў Вярхоўны Савет Анатолю Волкаву, але атрымаў мандат у Гарсавеце. На той момант Волкаў, якога падтрымоўваў Беларускі сацыяльна-экалагічны саюз “Чарнобыль”, быў малавядомай асобай, але ўжо праз некалькі год ягонае прозвішча загучыць на ўсю краіну. Усё дзякуючы “Чарнобыльскаму цэнтру ў Пінску”, які ў народзе назавуць “Цэнтр Волкава”. Цяпер установы, як і самаго Анатоля Ягоравіча няма.

Шатохін і Волкаў змагаліся да апошняга. Хапіла ўсяго: інтрыгі, бруд, абвінавачванні. Праводзілася нават грамадскае разбіральніцтва па факце праўдзівасці навуковых заслугаў Волкава.

Бадай у Шатохіна былі самыя каляровыя і прыгожыя агітацыйныя плакаты, ўсё ж мастак і на той момант досыць вядомы далёка за межамі Піншчыны. Сам Яўген Сяргеевіч не надта ўзгадваў сваю паразу 1990-га года ў ВС БССР, можа з-за таго, што тады ў Гарсавеце было шмат працы, не кажучы за парламент.

Плакат мастака Шатохіна

Хопіць балбатаць, трэба больш і канкрэтна рабіць справу!

Дарэчы, ўжо тады выявілася група кандыдатаў, якую нельга было аднесці да КПСС і аніяк да апазіцыі, але сябе такія асобы ўсё ж называлі “незалежнымі кандыдатамі”. Зараз сказалі б, што гэта так званая канструктыўная апазіцыя ці сістэмная, якая так у Беларусі і не аформілася.

Лозунгі і абяцанні такіх прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат былі нечым сярэднім. Вось напрыклад пра што ў сваёй перадвыбарчай праграме казаў вайсковец Алег Сідкоў: “Ліквідацыя манаполіі КПСС на ўладу. Улада павінна быць перададзена Саветам у асобе годных прадстаўнікоў народа, якіх абярэ сам народ. Падтрымліваю шматстатнасць формаў уласнасці, уключаючы прыватную. Зямля павінна быць вернута сялянам. Павага да правоў чалавека. Ліквідацыя незаслужаных льгот партыйнага і савецкага апарата. Хопіць балбатаць, трэба больш і канкрэтна рабіць справу!”.

Як ужо казалася раней, на той момант Кампартыя ўжо сама выказвалася за пазбаўленне ўласнай манаполіі і розных прывілеяў.

Мітынг у Пінску, 1990 год.

Выбарчая кампанія трыццаці гадовай даўніны паказала, наколькі беларусам цікавая палітыка і наколькі яны хочуць браць у ёй удзел, калі гэта рэальная барацьба.

Пра некаторых дэпутатаў Пінскага гарадскога Савета Радыё Рацыя распавядала ў асобных матэрыялах: Сацыял-дэмакрат Палесся №1, Эпоха ў гісторыі Пінска. Да 70-годдзя Яўгена Шатохіна, Палессе ў аб’ектыве Аляксея Дуброўскага.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя