Пінск рыхтуецца да парламенцкіх выбараў
У Пінску актывісты мясцовай арганізацыі Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” вызначаюцца з верагоднымі кандыдатамі ў дэпутаты парламента ад Пінскай гарадской акругі №14. Пакуль ёсць два прэтэндэнты – Наталля Маглыш і Дзмітрый Кудранок – адносна якіх свае рашэнні павінна прыняць партыйнае кіраўніцтва ў Менску. “Хто б не быў кандыдатам – галоўнае актывізаваць насельніцтва”, – адзначае Дзмітрый Кудранок:
– Назіраецца грамадскі запыт на перамены, але пры гэтым назіраецца і сацыяльная апатыя. Людзі наўпрост не вераць у магчымасць перамен. Таму я лічу, што любая электаральная кампанія павінна даваць людзям надзею на перамены. Пры гэтым самае галоўнае, каб кожны разумеў, менавіта разумеў, што перамены залежаць ад яго.
Цэнтральная выбарчая камісія ў асобе Лідзіі Ярмошынай прапанавала правесці парламенцкія выбары 17-га лістапада. Калі Аляксандр Лукашэнка ўзгодніць гэтую дату, то парламенцкая кампанія стартуе ў жніўні з фарміравання выбарчых камісій розных узроўняў.
Беларускае Радыё Рацыя, Пінск