У Гомелі плануецца татальнае назіранне



Гомельскія дэмакраты „Аб’яднанай грамадзянскай партыі”” арганізуюць татальнае назіранне на Гомельскай Цэнтральнай выбарчай акрузе №33, дзе вылучае сваю кандыдатуру Уладзімір Няпомняшчых.

Сябра АГП Васіль Палякоў зазначае, што дадзеныя назірання дазволяць скласці ўяўленне пра рэальную яўку на выбарах на кантрольным участку:

– Будзе ўзятая адна акруга ў горадзе Гомелі, дзе будзе вельмі шчыльнае назіранне, якое дазволіць атрымаць інфармацыю пра тое, якая была яўка падчас кампаніі і наколькі празрыста адбыўся падлік галасоў. Гэта Гомельская Цэнтральная акруга № 33. Вось тут мы плануем вельмі шчыльна назіраць, каб не проста казаць, што выбараў няма і нам хлусяць, а каб у нас былі доказы і мы гэта бачылі на свае вочы.

У Гомельскай Цэнтральнай акрузе №33 зарэгістравана 6 ініцыятыўных групаў. Акрамя Уладзіміра Няпомняшчых, які не хавае сваіх намераў выкарыстаць выбарчую кампанію для агітацыі супраць улады, у змаганні за дэпутацтва ўдзельнічаюць яшчэ пяцёра прэтэндэнтаў.

 Беларускае Радыё Рацыя, Гомель