Платформа СЕ: У Беларусі ідзе беспрэцэдэнтная хваля рэпрэсій супраць незалежнай журналістыкі
Пра беспрэцэдэнтную хвалю рэпрэсій супраць незалежнай журналістыкі ў Беларусі гаворыцца ў штогадовым дакладзе партнёрскіх арганізацый Платформы Савета Еўропы па садзейнічанні абароне журналістыкі і бяспецы журналістаў, прэзентаваным 28 красавіка.
Партнёрамі платформы з’яўляюцца Еўрапейская федэрацыя журналістаў, Міжнародная федэрацыя журналістаў, Асацыяцыя еўрапейскіх журналістаў, праваабарончая арганізацыя Article 19, „Рэпарцёры без межаў”, Камітэт абароны журналістаў, арганізацыя Index on Censorship, Міжнародны інстытут прэсы, Міжнародны інстытут па пытаннях бяспекі журналістаў, арганізацыя Rory Peck Trust, Еўрапейскі вяшчальны саюз і Міжнародны ПЭН-клуб (PEN International).
Хоць Беларусь не з’яўляецца членам Савета Еўропы і не ўваходзіць у зону дзеяння Платформы СЕ, краіну ўключылі ў гадавую справаздачу з-за эскалацыі рэпрэсій у дачыненні да СМІ пасля прэзідэнцкіх выбараў.
Партнёрскія арганізацыі платформы заклікалі міжнародную супольнасць да „рашучых дзеянняў”, каб „спыніць рэпрэсіі беларускіх уладаў у дачыненні да журналістаў”.
У раздзеле, прысвечаным Беларусі, гаворыцца, што на момант падрыхтоўкі справаздачы ў зняволенні знаходзіліся 12 журналістаў: Кацярына Барысевіч (tut.by), Кацярына Андрэева (тэлеканал „Белсат”), Дар’я Чульцова („Белсат”), Юлія Слуцкая (заснавальніца „Прэс-клуба”), Сяргей Альшэўскі (дырэктар „Прэс-клуба”), Ала Шарко (праграмны дырэктар „Прэс-клуба”), Пётр Слуцкі (супрацоўнік „Прэс-клуба”), Ксенія Луцкіна (былая супрацоўніца тэлеканала „Беларусь 2”), Андрэй Аляксандраў (журналіст і медыяменеджар), Дзяніс Івашын (журналіст штотыднёвай газеты „Новы Час”), Язэп Палубятка (карэспандэнт „Газеты Слонімскай” у Мастах, быў адпушчаны пасля суда. — БелаПАН.) і Сяргей Гардзіевіч (карэспандэнт інтэрнэт-выдання „Першы рэгіён”, знаходзіцца пад хатнім арыштам).
У дакладзе адзначаецца, што карэспандэнты тэлеканала „Белсат” Андрэева і Чульцова прыгавораныя да двух гадоў пазбаўлення волі за вядзенне прамой трансляцыі з акцыі пратэсту ў лістападзе 2020 года ў Менску, а журналістка tut.by Барысевіч — да шасці месяцаў пазбаўлення волі „за разгалошванне медыцынскай таямніцы”. Разгалошваннем медыцынскай таямніцы суд палічыў апублікаваную Барысевіч інфармацыю аб тым, што ў крыві 31-гадовага мінчаніна Рамана Бандарэнкі, які загінуў 12 лістапада, не было алкаголю, хоць улады першапачаткова заяўлялі, што ён быў п’яны.
У дакладзе згадваюцца вобшукі, якія прайшлі ў офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) і дома ў журналістаў у лютым у межах расследавання крымінальнай справы аб масавых беспарадках.
„Са жніўня 2020 года БАЖ зарэгістравала больш за 500 парушэнняў правоў журналістаў. Журналістаў затрымлівалі, збівалі падчас утрымання пад вартай, а іх тэхніка была пашкоджаная або канфіскаваная”, — гаворыцца ў дакладзе.
Згадваецца, што 10 жніўня падчас асвятлення акцыі пратэсту ў карэспандэнта выдання „Наша Ніва” Наталлю Лубнеўскую, якая была апранутая ў камізэльку з надпісам „Прэса”, супрацоўнік праваахоўных органаў стрэліў гумавай куляй, у выніку чаго яна 38 дзён правяла ў бальніцы. „Выданню прыгразілі штрафам за „несвоечасовае паведамленне ўладам” аб траўме карэспандэнткі”, — адзначаецца ў дакладзе.
У дакуменце гаворыцца пра пазбаўленне партала tut.by статусу СМІ, а таксама пра тое, што ў кастрычніку мінулага года МЗС Беларусі анулявала ўсе акрэдытацыі журналістаў, якія працавалі на замежныя СМІ. Многія з іх да гэтага часу не змаглі атрымаць новую акрэдытацыю.
Акрамя гэтага адзначаецца, што ўлады Беларусі „заблакавалі доступ да больш як 100 сайтаў навін”, а Белтэлерадыёкампанія названая „прапагандысцкай машынай на службе рэжыму”. Як сказана ў дакладзе, Белтэлерадыёкампанія з’яўляецца членам Еўрапейскага вяшчальнага саюза (ЕВС), і ў лютым гэтага года беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская падтрымала заклік Беларускага фонду культурнай салідарнасці аб выключэнні яе з ЕВС.
„У 2020 годзе БАЖ паведаміла пра 477 выпадкаў затрымання журналістаў, 62 журналістаў, якія зведалі гвалт з боку сіл бяспекі, і 97 журналістаў, арыштаваных згодна з адміністрацыйным кодэксам (сумарна яны правялі за кратамі 1.200 дзён), — гаворыцца ў дакуменце. — Усе гэтыя дзеянні падкрэсліваюць маштабы рэпрэсій у Беларусі. Яны ні пры якіх абставінах не могуць разглядацца як рэакцыя на парушэнне грамадскага парадку”.
Партнёрскія арганізацыі платформы заклікаюць усе краіны — члены Савета Еўропы „адкласці ў бок геапалітычныя меркаванні і заняць адназначную пазіцыю адносна гэтай беспрэцэдэнтнай хвалі нападаў на незалежную журналістыку ў краіне, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы”.
Камітэт міністраў Савета Еўропы заклікаюць уключыць Беларусь, якая не з’яўляецца членам арганізацыі, у сферу кампетэнцый Платформы СЕ па садзейнічанні абароне журналістыкі і бяспецы журналістаў.
Платформа па садзейнічанні абароне журналістыкі і бяспецы журналістаў была створаная Саветам Еўропы ў 2015 годзе ў супрацоўніцтве з вядомымі міжнароднымі арганізацыямі, якія займаюцца пытаннямі свабоды выказвання меркаванняў, і з асацыяцыямі журналістаў у мэтах давання інфармацыі, якая можа служыць асновай для дыялогу з дзяржавамі-членамі аб магчымых ахоўных або карэктавальных мерах.