Пляцоўку будаўніцтва БелАЭС наведае дэлегацыя Еўракамісіі



19—20 верасня Беларусь наведае дэлегацыя Еўракамісіі на чале з намеснікам кіраўніка генеральнага дырэктарата па энергетыцы Герасімасам Томасам, паведаміў 15 верасня на брыфінгу ў Менску прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.

Паводле яго слоў, праграма рабочага візіту дэлегацыі прадугледжвае сустрэчы з кіраўніцтвам МЗС, пройдуць таксама перамовы ў Міністэрстве энергетыкі, МНС і Дзяржатамнаглядзе. Прадстаўнікі Еўракамісіі наведаюць пляцоўку будаўніцтва Беларускай АЭС.

«Бакі абмяркуюць шырокае кола пытанняў узаемадзеяння ў кантэксце рэалізацыі першай беларускай ядзернай энергетычнай праграмы, але асноўнай тэмай візіту будзе стрэс-тэставанне — ацэнкі рызыкі і бяспекі — АЭС, — сказаў Мірончык. — У сувязі з аварыяй на японскай АЭС «Фукусіма», якая адбылася ў сакавіку 2011 года, Еўракамісія і група еўрапейскіх рэгулятараў у сферы ядзернай бяспекі ў мэтах павышэння ўзроўню бяспекі атамных электрастанцый, якія эксплуатуюцца ў ЕЗ, распрацавалі метадалогію па ўсёабдымнай ацэнцы рызыкі і бяспекі АЭС. Гэтая метадалогія больш вядомая пад назвай «стрэс-тэсты».

«Беларусь надае першачарговую ўвагу пытанням ядзернай бяспекі, таму для забеспячэння, а таксама ўласнай упэўненасці ў бяспецы нацыянальнага ядзернага энергетычнага праекта наша краіна максімальна выкарыстоўвае інструментарый профільных міжнародных арганізацый», — дадаў прэс-сакратар.

Ён падкрэсліў, што Беларусь цесна супрацоўнічае з МАГАТЭ, Еўрапейскай камісіяй, Міжнароднай асацыяцыяй аператараў АЭС і іншымі арганізацыямі. У чэрвені 2011 года Беларусь добраахвотна далучылася да сумеснай дэкларацыі ЕЗ і суседзяў па правядзенні ўсёабдымнай ацэнкі рызыкі і бяспекі АЭС, адзначыў Мірончык.

„Беларускі бок распачаў правядзенне стрэс-тэстаў. Да канца гэтага года плануецца завяршыць гэту працу. Затым вынікі стрэс-тэстаў будуць разгледжаны Дзяржатамнагляду і перададзеныя Еўракамісіі”, — паведаміў прэс-сакратар МЗС.

Нагадаем, 10 ліпеня на АЭС, якая будуецца, адбыўся інцыдэнт — падчас выпрабавальнай трэніровачнай устаноўкі корпуса рэактара 330-тонны агрэгат сарваўся і ўпаў з вышыні ад двух да чатырох метраў. Пра гэты факт стала вядома толькі 25 ліпеня з паведамленняў у сацсетках.

Як паведаміў 14 верасня на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк, «гэта было звязана з парушэннем правілаў перамяшчэння грузаў кранамі». «Шэраг службовых асобаў парушыў гэтыя правілы, і адбылася няштатная сітуацыя. З першай хвіліны яна старанна аналізавалася як рэгулятарам, так і заказчыкам сумесна з генпадрадчыкам, праводзіўся комплекс расследаванняў. Па выніках беларускі бок прыняў рашэнне аб замене гэтага корпуса рэактара. Мы пра гэта апавясцілі расійскі бок, расійскі бок гэта рашэнне прыняў, нас пачулі», — сказаў чыноўнік. Дэталі замены корпуса, паводле яго слоў, яшчэ абмяркоўваюцца.

БелаПАН