Полацк наведаў пасол Еўразвязу ў Беларусі Дзірк Шубель
Грамадскія актывісты Полацка і Наваполацка сустрэліся ў Полацку з паслом Еўразвязу ў Беларусі Дзіркам Шубелем. Пасол наведаў Полацак, каб урачыста адкрыць новае вулічнае асвятленне горада, якое пераабсталявалі на сродкі Еўразвязу. На нефармальнай сустрэчы з паслом прысутнічала кіраўніца наваполацкага інфармацыйна-культурнага цэнтра «ІніцыАрт» Вольга Дамаскіна.
Кажа Вольга Дамаскіна:
– Мы якраз задавалі пытанні наконт гэтага еўразвязаўскага праекта. Таму што людзі пытаюцца, бо цікава ведаць, які гэта бюджэт Еўразвязу і як ён выкарыстоўваецца. Ці праводзіліся тэндары на гэтае асвятленне, колькі каштуе той ці іншы ліхтар? Мы кажам, што мы разумеем, што ў вас з райвыканкамам свае справаздачы, але хацелася б і людзям ведаць, куды пайшлі ўсё ж такі і грошы Еўразвязу.
Прадстаўнікі грамадскасці Полаччыны расказалі паслу і пра судовыя справы ў Полацку за акцыю ў падтрымку незалежнасці:
– І мы казалі, што на пачатку года адбыўся пікет за незалежнасць. Проста фотаздымак, не тое, што пікет – гэта людзі сталі і сфатаграфаваліся з літарамі, якія складалі слова «незалежнасць». І за гэта сем чалавек ужо пацярпелі, былі суды, ім прысудзілі вялікія штрафы. Пасол якраз казаў, што ён ведае гэтую сітуацыю: што раней у вас садзілі, а цяпер даюць штрафы, каб папоўніць бюджэт.
На праект новага вулічнага асвятлення Полацка было выдаткавана 1,3 мільёна еўра са сродкаў Еўрапейскага звязу.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя