Polexit – гэта рэальнасць ці фэйк-ньюс?



Само слова паўстала ў аднясенні да brexitu, то бок выхаду Вялікабрытаніі са складу Еўрапейскага звязу. Адпаведна рolexit гаворыць пра магчымы выхад Польшчы з еўрапейскай супольнасці, у чым апазіцыя абвінавачвае дзейныя ўлады. Што стала падставай для такіх абвінавачванняў, і ці сапраўды пагроза рэальная? 

Апошняй падзеяй, якая выклікала вялікі рэзананс, стала рашэнне Канстытуцыйнага трыбунала Польшчы ад мінулага чацвярга, паводле якога прызнаецца неадпаведнасць пэўных еўрапейскіх законаў польскай Канстытуцыі. Рашэнне выклікала не толькі пратэст у польскіх апазіцыйных колах, але і неразуменне ў структурах Еўрапейскага звязу. Да таго ж цягнецца скандал, звязаны з вугальнай шахтай у польскім Тураве, закрыцця якой дамагаюцца ў Еўропе, і якая, паводле Чэхіі, пагражае грунтавым водам. Польскі ўрад адмаўляецца гэта рабіць – страта грошай і працоўных месцаў, у выніку Суд ЕЗ хоча абавязаць Польшчу плаціць вялізныя штрафы. Іншы скандал звязаны са стварэннем  Дысцыплінарнай палаты Вярхоўнага суда, якую ў ЕЗ палічылі пагрозай незалежнасці судовай сістэмы. Гучаць абвінавачванні ў наступе на незалежныя СМІ. Карацей, праблем накапілася. У выніку ў нядзелю Дональд Туск, які актыўна вярнуўся ў польскую палітыку і з’яўляецца лідарам Грамадзянскай платформы, што знаходзіцца ў апазіцыі, заклікаў грамадзян выходзіць на пратэсты. Ці яны сталі паспяховымі? Ідуць дыскусіі, але там актыўна гучала слова рolexit. Маўляў, урад робіць усё, каб вывесці краіну з Еўрапейскага звязу, шкодзіць інтарэсам дзяржавы і яе грамадзян.

Урад у сваю чаргу, у тым ліку ў асобе прэм’ера Матэвуша Маравецкага, заяўляе пра тое, што так званы рolexit ня што іншае, як фэйк-news, карта, якую апазіцыя выкарыстоўвае ў палітычным змаганні, страшыць палякаў уяўнымі пагрозамі. А тое ж рашэнне Канстытуцыйнага трыбунала, паводле кіроўных элітаў, гэта спроба акурат бараніць інтарэсы польскай дзяржавы, што на карысць і Еўрапейскаму звязу.

Хто з бакоў мае рацыю? Зноў жа, можна доўга спрачацца. Тут справа хутчэй у палітычных схільнасцях да кожнага з бакоў, а таксама ў разуменні прынцыпаў дэмакратыі. Польскае грамадства, на жаль, моцна падзеленае і палярызаванае, і пры гэтым бакі абсалютна не слухаюць і не прымаюць пазіцыю адно аднаго. Звычайнаму абывацелю бывае цяжка разабрацца ў сітуацыі, а тым больш у нюансах скандалу з судамі. Толькі тут справа такая: калі вам цяпер абыякава, то і потым не варта скардзіцца, што нешта не падабаецца. Усякае дзеянне, як і ўсякае бяздзеянне, мае свае наступствы, і нічога не даецца проста так, на чыім баку вы б не стаялі.

А ў якасці пастскрыптума зазначу: асабіста не падтрымліваю пазіцыю польскага ўраду адносна зменаў у судовай сістэме і рашэння Канстытуцыйнага трыбуналу, але не веру і ў тое, што Польшча рэальна рухаецца ў бок рolexitu. Праўда, магчыма, знаходзіцца недзе пасярэдзіне гэтай палітычнай баталіі.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: mojelipsko.info