Польшча абскардзіць расейскае следства смаленскай катастрофы ў Гаагскім трыбунале



Кіраўнік польскага Міністэрства замежных спраў Вітальд Вашчыкоўскі паведаміў, што ў бліжэйшы час плануецца падаць скаргу ў справе расейскага расследавання катастрофы польскага прэзідэнцкага самалёта пад Смаленскам ў Міжнародны суд ААН у Гаазе.

Гэта пытанне некалькіх дзён ці тыдняў, — дадаў міністр.

Пра магчымае паданне скарг між іншым у Еўрапейскі суд па правах чалавека, а таксама пра намер пачаць супраць Расеі справу адносна звароту захопленай маёмасці (рэшткаў прэзідэнцкага самалёта) міністра замежных спраў Польшчы казаў у лістападзе 2015 года.

На пытанне, ці ўсё яшчэ разглядаецца канцэпцыя абскарджання расейскага следства ў міжнародных інстанцыях, міністр адзначыў, што дагэтуль Польшча намагалася вырашыць праблему іншымі метадамі

— Спярша мы намагаліся — увесь гэты год — праверыць, ці існуе магчымасць непасрэдна дагрукацца да расейцаў. Расейцы, як вы ведаеце, адказваюць адмоўна, часам нахабна. Таксама мы спрабавалі атрымаць падтрымку ад розных нашых саюзнікаў, ад арганізацыі, сябрамі якіх мы з’яўляемся, — падкрэсліў кіраўнік польскага МЗС.

«Паколькі справа цягнецца ўжо сем гадоў нашы магчымасці вычарпаныя. У сувязі з гэтым, у дадзены момант завяршаецца працэс напісання скаргі ў Міжнародны суд ААН і ў найбліжэйшы час мы гэтую скаргу прадставім», — паведаміў Вітальд Вашчыкоўскі.

На пытанне, калі менавіта можа быць пададзена скарга, ён дадаў, што дакладны тэрмін залежыць ад юрыстаў, але «гэта могуць быць дні альбо тыдні».

Беларускае Радыё Рацыя, паводле polsatnews.pl