Польшча абвяргае перасячэнне польскім верталётам беларускай мяжы
Камандаванне польскіх Узброеных сіл адрэагавала на паведамленне Міністэрства абароны Беларусі, што нібыта польскі вайсковы верталёт сёння парушыў польска-беларускую мяжу.
„Паведамляем, што сённяшняя заява беларускага боку аб нібыта перасячэнні мяжы польскім верталётам не адпавядае рэчаіснасці», — чытаем у паведамленні аператыўнага штаба Узброеных сіл Польшчы.
Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што польскі верталёт двойчы сёння перасёк мяжу. Гэта ўжо трэцяя сітуацыя падобнага кшталту за апошнія два месяцы. 1 верасня Памежны камітэт Беларусі заяўляў, што польскі верталёт Мі-24 парушыў мяжу і заляцеў на 1200 м углыб Беларусі.
Раней 1 жніўня польскі бок заяўляў пра парушэні паветранай прасторы з боку Беларусі двума верталётамі.
Беларускае Радыё Рацыя