Польшча адмовілася ад крэдытнай лініі МВФ
Адмова ад крэдытнай лініі МВФ будзе азначаць ашчаднасць у памеры прыкладна 60 мільёнаў даляраў у год.
Польшча адмаўляецца ад доступу да Эластычнай крэдытнай лініі МВФ, адкрытай для Польшчы пасля фінансавага крызысу ў 2008 годзе. Пра гэта паінфармаваў віцэ-прэм’ер, міністр развіцця і фінансаў Матэвуш Маравецкі, які знаходзіцца ў Вашынгтоне.
Віцэ-прэм’ер патлумачыў, што краіне ўжо непатрэбная надзвычайная фінансавая дапамога з боку МВФ.
Польшча атрымала доступ да крэдытнай лініі ў 2009 годзе. Самая вялікая сума, якую магла выкарыстаць Варшава, складала 29 мільярдаў даляраў. Цяпер гэта 9,2 мільярда даляраў.
Матэвуш Маравецкі патлумачыў, што на прынятае рашэнне мелі ўплыў: эканамічная сітуацыя вакол Польшчы, макраэканамічныя парамэтры, фінансавыя дадзеныя, фінансавая стабільнасць, валютныя рэзэрвы і спагнанне падаткаў.
Адмова ад крэдытнай лініі МВФ будзе азначаць ашчаднасьць у памеры прыкладна 60 мільёнаў даляраў у год.