Польшча афіцыйна пацвердзіла пачатак дзеяння „чорнага спісу” ўкраінцаў
Польшча афіцыйна пацвердзіла забарону на ўезд у краіну сакратару Дзяржаўнай міжведамаснай камісіі па справах ушанавання памяці ўдзельнікаў антытэрарыстычнай аперацыі, памяці ўдзельнікаў ахвяраў вайны і палітычных рэпрэсій Святаславу Шарамету.
Фота ukranews.com
Гэту інфармацыю пацвердзіў кіраўнік прэс-службы польскага МЗС Артур Ломпарт, паведамляе TVN 24. Паводле яго слоў, гэта рашэнне звязана з забаронай на правядзенне пошукаў і эксгумацыі польскіх ахвяраў вайны і канфліктаў на тэрыторыі Украіны. „Прапаганда злачынных ідэалогій, у тым ліку нацызму, у Польшчы забароненая„, – заявіў ён.
Прэс-сакратар Бешчадскага аддзялення памежнай службы Польшчы Ельжбета Пікор патлумачыла, што Шарамета не адказваў патрабаванням, якія дазваляюць уехаць у краіну. „Яго дадзеныя фігуравалі ў базе асобаў, непажаданых на тэрыторыі нашай краіны, таму яго не пусцілі”, – сказала яна.
У суботу, 18 лістапада, польскія памежнікі не прапусцілі Шарамету ў Польшчу. Чыноўніку паведамілі, што ўезд у Польшчу і Шэнгенскую зону яму забаронены на год. У сувязі з гэтым МЗС Украіны тэрмінова выклікала польскага амбасадара, паведамляе eurointegration.com.ua.