Польшча апублікавала аўдыёзапіс перамоваў дыспетчара і самалёта Ryanair
Афіцыйны прадстаўнік міністра-каардынатара польскіх спецслужбаў Станіслаў Жарын апублікаваў у Facebook аўдыёзапіс з фрагментам перамоў беларускага дыспетчара і пілота самалёта Ryanair, на якім ляцеў былы галоўны рэдактар Telegram-канала Nexta Раман Пратасевіч і яго сяброўка Соф’я Сапега.

Згодна з запісам, дыспетчар паведамляе пілоту, што, паводле інфармацыі спецслужбаў, на борце самалёта закладзена бомба, якая можа ўзарвацца пры падлёце да Вільні, і прапануе прызямліцца ў Менску. Пілот удакладняе, ад каго паступіла рэкамендацыя пра месца прызямлення і які код паведамлення – зялёны, жоўты або чырвоны.
На запісе чуваць, што адказы на гэтыя пытанні дыспетчару падказвае невядомы мужчына. Ён просіць сказаць, што прызямленне ў Менску – гэта „наша рэкамендацыя” і што код паведамлення чырвоны. Дыспетчар паўтарае ўсё гэта пілоту Ryanair.
Напярэдадні пракуратура Польшчы, якая расследавала экстраную пасадку самалёта з Пратасевічам у Менску, заявіла, што пагрозы выбуху на борце не было.
