Польшча дамагаецца пачатку эксгумацыйных прац у Курапатах
На пасяджэнні польска-беларускай камісіі па справах культурнай спадчыны Польшча між іншым закранула пытанне эксгумацыі ў Курапатах — паведаміў віцэ-міністр культуры Яраслаў Сэлін. Паводле ягонай ацэнкі перамовы праходзілі «канструктыўна і без супярэчнасцей».
— Наш нязменны пастулат — гэта пачатак эксгумацыйных прац у Курапатах. Каб праверыць, ці гэта месца ў якім была здзейснена частка Катынскага злачынства — сказаў у Менску Яраслаў Сэлін, віцэ-міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы, які ачольваў польскую дэлегацыю на перамовах двухбаковай міжнароднай камісіі па справах нацыянальнай спадчыны. Пасяджэнне камісіі пасля трохгадовага перапынку прайшло ў Менску, у аўторак, 27 чэрвеня.
Па словах віцэ-міністра высвятленне лёсу ахвяр так званага “беларускага катынскага спісу” гэта важны пастулат польскага боку ў размовах з Беларуссю. — Калі няма ўпэўненасці значыць трэба праверыць.
— «Без сумневу, у Курапатах спачываюць ахвяры так званай «польскай кампаніі» 1937 – 1938 гадоў. Мы таксама перакананыя, што гэта тое месца, дзе можна шукаць польскіх афіцэраў, забітых увесну 1940 года ў межах катынскага злачынства, і хочам упэўніцца ў гэтым», — дадаў віцэ-міністр Сэлін.
Намеснік міністра культуры Беларусі Васіль Чэрнік прыгадаў афіцыйную пазіцыю ўлад Беларусі паводле якой у Курапатах няма польскіх афіцэраў — ахвяр злачынства НКВД у 1940 годзе, аднак адзначыў гатоўнасць Беларусі дзейнічаць у гэтай справе.
— Мы запішам у пратаколе польскі пастулат, думаю, мы можам дзейнічаць сумесна, — заявіў Васіль Чэрнік. Ён падкрэсліў, што «гэтая справа знаходзіцца ў кампетэнцыі міністэрства абароны, аднак, Беларусь гатовая зрушыцца з мёртвага пункту». Таксама ён прыгадаў, што ў апошнія месяцы было прынятае рашэнне ўлад Беларусі пра афіцыйны помнік ахвярам рэпрэсій у Курапатах.
Польская дэлегацыя будзе знаходзіцца ў Беларусі да 29 чэрвеня.
Беларускае Радыё Рацыя, паводле polsatnews.pl