Польшча гатова адкрыць пункты пропуску, калі Лукашэнка пойдзе на саступкі



Польшча гатова адкрыць пункты пропуску на мяжы з Беларуссю, калі Аляксандр Лукашэнка пойдзе на ўступкі.

Пра гэта ў эфіры TVPinfo заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў Мацей Вонсік, каментуючы вынікі кансультацый польскага МУС з краінамі Балтыі ў панядзелак.

„Паглядзім, як будзе паводзіць сябе Беларусь, ці рэжым у асобе Лукашэнкі”, – сказаў ён.

У панядзелак у сумеснай заяве міністры ўнутраных спраў Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі запатрабавалі ад Беларусі вываду групы „Вагнера”, а таксама адводу мігрантаў ад мяжы і адпраўкі іх у краіны паходжання. Яны таксама дамовіліся закрыць мяжу з Беларуссю ў выпадку крытычных інцыдэнтаў, якімі можа быць ужыванне зброі ці прарыў групы мігрантаў.

„Калі Беларусь не хоча быць ізаляванай, то мусіць пачаць супрацоўнічаць. Калі супрацоўніцтва і рэакцыі з іншага боку не будзе, то ў пэўны момант усе тры краіны, Польшча, Літва і Латвія, закрыюць усе памежныя пераходы, не толькі дарожныя, але і чыгуначныя, і Беларусь фактычна будзе адрэзана ад Еўропы”, – сказаў Вонсік.