Польшча гатова прадаваць Украіне зброю



Пра гэта ў эфіры тэлеканала TVN24 заявіў міністр нацыянальнай абароны Польшчы Томаш Семоняк. Ён адзначыў, што гэтае пытанне не будзе абмяркоўвацца ў публічнай прасторы, пра што ёсць дамоўленасць з яго ўкраінскім калегам Валерыем Геляцеем, бо гэта могуць выкарыстаць у інфармацыйнай вайне.

Прафесар Вальдэмар Рэзмэр, кіраўнік аддзялення вайсковай гісторыі ўніверсітэта імя Мікалая Каперніка ў Торуні, адзначае, што Польшча не можа рэалізоўваць ініцыятывы, якія не вельмі добра ўспрымуць іншыя дзяржавы-чальцы НАТА:

–     Я баюся адной рэчы: каб не дайшло да такой палітычнай сітуацыі, што за момант Польшча ў сваіх жэстах сімпатыі і дзеяннях датычна Украіны застанецца адна. А рэшта – магчыма, не ўлічваючы краін Балтыкі, – вельмі хутка знойдзе паразуменне з Расеяй.

У гэтым выпадку Польшча будзе ўспрымацца некаторымі як фактар дэстабілізацыі, які перашкаджае спакою і вядзенню бізнесу. Аднак, на думку прафесара Рэзмэра, ёсць іншы, больш важны чыннік у пытанні дапамогі Украіне:

–     Гэта страх. Страх за тое, што зброя, якую мы перададзім, можа апынуцца зусім у іншых руках. І, на жаль, падзеі на ўсходзе Украіны паказалі, што вельмі лёгка гэтая зброя і нейкім дзіўным чынам трапляе ў рукі сепаратыстаў ва ўсходняй Украіне.

Прафесар Вальдэмар Рэзмэр дадае, што ў сеціве з’явіліся звесткі пра тое, што прадаюцца не толькі каскі і бронекамізэлькі, але нават аўтаматы Калашнікава. Таму, на яго думку, пакуль ва Украіне не будзе эфектыўнаага кантролю і мезанізму, які дапаможа пазбегнуць карупцыі, да таго часу зброя можа трапляць у непажаданыя рукі.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота ria.ru