Польшча, Літва ды Украіна стварылі “Люблінскі трохкутнік”



У Любліне адбылася сустрэча міністраў замежных спраў Польшчы, Літвы і Украіны. Яны прынялі рашэнне пра стварэнне фармату трохбаковага супрацоўніцтва, які назвалі “Люблінскім трохкутнікам”, паведамляе Польскае радыё.

Кіраўнікі дыпламатыі трох краін размаўлялі, у прыватнасці, пра бяспеку Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, а таксама аб праблемах, якія стаяць перад Еўрапейскім звязам і NATO у кантэксце адносін з Украінай. Міністр замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч расказаў, што міністры дамовіліся пра стварэнне фармату трохбаковага супрацоўніцтва — “Люблінскі трохкутнік”, які мае спрыяць рэалізацыі супольных мэтаў: развіццю Усходняга партнёрства, эфектыўнаму змаганню з каронавірусам, падтрымцы еўрапейскіх і еўраатлантычных імкненняў Украіны і так далей. “Мы маем намер таксама супрацоўнічаць у сферы эканомікі”, — заявіў кіраўнік МЗС Польшчы. Міністры таксама ўсклалі кветкі да помніка Люблінскай уніі.

Фота: PAP/Wojtek Jargiło