Польшча не выключае наступных санкцый супраць Беларусі



Польшча не выключае наступных санкцый супраць Беларусі. Пра гэта сказаў намеснік міністра ўнутраных спраў Польшчы Мацей Вонсік.

Мацей Вонсік. Фота: «Polsat»

«Польшча – вакно ў свет для Беларусі. Няхай Беларусь карыстаецца гэтым вакном разумна, мусіць з павагай адносіцца да польскай меншасці. Мы не пагаджаемся на ніякі палітычны пераслед, у прыватнасці, пераслед польскіх актывістаў такіх як Анджэй Пачобут, Анжаліка Борыс і іншыя. Таму мы будзем усё больш жорстка рэагаваць. Мы чакаем ад беларускага боку вызвалення Пачобута. Гэта асноўная ўмова, каб можна было казаць пра якое-колечы паслабленне санкцый”.

Як паведамлялася, з 1 чэрвеня будуць прыпыненыя грузаперавозкі на мяжы з Беларуссю на грузавіках і прычэпах з беларускімі або расейскімі нумарамі. Гэтак пастанавіла Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы. Акром таго, у мінулы панядзелак пашыраны санкцыйны спіс грамадзян Беларусі, якія не могуць перасякаць польскую мяжу. У спіс унесеныя, між іншым, пракуроры і суддзі, якія мелі дачыненне да зняволення Пачобута, а таксама хто знішчаў польскія могілкі ў Беларусі.

Як стала вядома, перад увядзеннем санкцыяў Польшча тройчы прапаноўвала Лукашэнку пагадненне, але той адмовіўся. Польшча заўважае пэўныя дыпламатычныя жэсты з боку рэжыму Лукашэнкі, але яны, паводле Варшавы, далёка не дастатковыя.