Польшча падтрымала затрыманых падчас выбарчай кампаніі ў Беларусі
Камісія замежных спраў польскага Сейма 17 чэрвеня прыняла заяву ў падтрымку палітвязняў і рэпрэсаваных у Беларусі.
„Мы заклікаем улады ў Менску неадкладна спыніць пераслед і вызваліць усіх асуджаных і арыштаваных”, — напісалі дэпутаты камісіі, адначасова выказваючы салідарнасць з ахвярамі рэпрэсій ды іх сем’ямі.
У заяве дэпутаты польскага Сейма папрасілі Міністэрства замежных спраў Польшчы выступіць у абарону рэпрэсаваных асобаў у Беларусі, якія знаходзяцца пад вартай у цяжкіх умовах.
„Мы таксама чакаем, што з увагі на маштаб парушэнняў грамадзянскіх правоў і дэмакратычных свабод, урад Польшчы будзе далей падтрымліваць няўрадавыя арганізацыі грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, асабліва мясцовыя ініцыятывы, незалежніцкія і праеўрапейскія арганізацыі і арганізацыі абароны правоў чалавека”, — адзначыла Камісія замежных справаў ніжняй палаты польскага парламента.
