Польшча патлумачыла сітуацыю з чачэнцамі на мяжы
“У Чачні няма ніякай вайны”. Польшча патлумачыла, чаму не прапускае чачэнскіх мігрантаў. У эфіры тэлеканала TVN24 міністр унутраных спраў і адміністрацыі Марыюш Блашчак заявіў, што Польшча не будзе паддавацца ціску з боку тых, хто хоча прывесці краіну да міграцыйнага крызісу.
Марыюш Блашчак (Фота: EAST NEWS)
Так палітык пракаментаваў падзеі блізу пункта пропуску “Брэст” на беларуска-польскай граніцы, дзе каля 200 мігрантаў з Чачні, незадаволеныя тым, як польскі бок разглядае іх заяўкі на атрыманне статуса ўцекача, арганізавалі пратэстны лагер:
– Сёння вайны ў Чачні – няма. Нашая дзейнасць – гэта дзейнасць па ўшчыльненні польскай граніцы, а таксама граніц еўрапейскіх. Нашыя памежнікі працуюць і на граніцы турэцка-баўгарскай, і сербска-вугорскай, будуць і на граніцы македонска-грэцкай. Галоўная – забяспечыць бяспеку Еўропе. Пакуль партыя “Закон і справядлівасць” знаходзіцца пры ўладзе, мы не падвергнем еўрапейскую бяспеку тэрарыстычнай пагрозе.
На думку польскага міністра, чачэнскі рух праз беларуска-польскую граніцу – гэта спроба стварыць новы маршрут міграцыі і прыплыў мусульман у Еўропу.
Палітык нагадаў пра тое, што калі ў Чачні была вайна, то Польшча масава прымала ўцекачоў. Акрамя таго, Польшча выступае за тое, каб дапамагаць пацярпелым асобам, якія бягуць ад вайны, і што краіна аказвае падтрымку і дапамогу такім уцекачам у лагерах.
З пачатку году ўнёскі на атрыманне міжнароднай дапамогі ў Польшчы склалі 5 657 грамадзян Расеі чачэнскай нацыянальнасці.
Такія звесткі мы атрымалі з Управы па справах уцекачоў у Варшаве. Каля 80% усіх унёскаў складаецца ў пункце пропуску ў Цярэспалі.
Па стане на 31 ліпеня статус уцекача атрымалі 2 грамадзяніна РФ чачэнскай нацыянальнасці, дадатковую абарону – 30, а так званы “pobyt tolerowany” – 8 чалавек.
585 унёскаў атрымалі адмову ў задавальненні, а ў дачыненні да 5 362 унёскаў разгляд быў спынены (у выпадку, калі іншаземец сам быў не зацікаўлены працягам разгляду яго справы ў Польшчы, і верагодна, што ўвогуле выехаў з Польшчы).
У адказе з Управы па справах уцекачоў у Варшаве таксама падкрэсліваецца, што кожны ўнёсак на атрыманне статуса ўцекача, або на атрыманне іншай міжнароднай аховы, разглядаецца індывідуальна. Высвятляецца, ці гэтая асоба сапраўды патрабуе такой аховы.
Паводле Жэнеўскай Канвенцыі, іншаземец атрымлівае статус уцекача, калі ёсць небяспека яго пераследу на радзіме па прыкмеце расы, рэлігіі, нацыянальнасці, палітычных поглядаў або прыналежнасць да пэўнай сацыяльнай групы, і калі гэты іншаземец не можа або не хоча скарыстацца з унутраных механізмаў абароны.
Рашэнне па кожным унёску прымаецца пасля размовы з іншаземцам, і праверкі дакументаў і прадастаўленых доказаў. Калі іншаземец не задаволены рашэннем, то ён можа скласці апеляцыю ў Раду па справах уцекачоў або ў Ваяводскі Адміністрацыйны суд.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя