Польшча прыцягнула да судовай адказнасці баевіка «Ісламскай дзяржавы»
Польскі сайт раскрывае «баявы шлях» мараканца, які ў Еўропе атрымаў пасведчанне сірыйскага ўцекача.
Мурад Т. прыбыў ў Еўропу пад прыкрыццём бежанца. Ён утрымліваў кантакт з тэрарыстам, які здзейсніў тэракт у Парыжы і ў Бельгіі. У тэлефоне ў яго былі інструкцыі пра тое, як падрыхтаваць тэракт. Афіцэры пры ім знайшлі наркотыкі, паведамляе сайт niezalezna.pl.
Польшча выставіла абвінаваўчы акт супраць баевіка тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава» (ІД). Гэта першае ў Польшчы абвінавачанне, высунутае тэрарысту ІД. Судовы працэс пройдзе ў акруговым судзе ў Катавіцэ.
Было ўстаноўлена, што абвінавачаны Мурад Т. са снежня 2014 да верасня 2016 года ў Польшчы, а таксама іншых краінах (Аўстрыя, Грэцыя, Вугоршчына, Сербія й Турцыя) разам з іншымі людзьмі актыўна ўдзельнічаў у міжнароднай тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава».
Падарожнічаючы па Еўропе, Мурад выкарыстаў падроблены пашпарт. Ён казаў пра сябе, што з’ьяўляецца сірыйцам, нарадзіўся ў Халябе, называецца Султан Мурад і што нарадзіўся 11 лістапада 1995 году. Насамрэч ён нарадзіўся 22 студзеня 1990 года ў Касабланцы ў Марока.
У Вене 7 лютага 2015 года Мурад у выніку падману атрымаў права на пражыванне на тэрыторыі Аўстрыі ды ідэнтыфікацыйную карту.
Гэтым дакументам Мурад карыстаўся на тэрыторыі Польшчы, ён быў затрыманы ў сакавіку 2016 году.
Пасля следства польскіх спецслужбаў мараканец прыцягнуты да судовай адказнасці за прыналежнасць да тэрарыстычнай арганізацыі. Яму пагражае да 8 гадоў пазбаўлення волі, паведамляе сайт niezalezna.pl.