Польшча прызнала беларускага дыпламата персонай нон грата



Польшча прызнала персонай нон грата дыпламата з амбасады Рэспублікі Беларусь у Варшаве. Такім чынам польскія ўлады адказалі на высылку свайго консула з Беларусі. Пра рашэнне выслаць беларускага дыпламата паведаміў у сваім Twitter намеснік міністра ўнутраных справаў Польшчы Марцін Пшыдач. «У адказ на варожыя і беспадстаўныя дзеянні ўладаў Беларусі ў дачыненні да консула Польшчы ў Берасці, Польшча сёння абвесціла дыпламата з Амбасады Беларусі ў Варшаве персонай нон грата. Адпаведная інфармацыя была прадстаўлена ў дыпламатычнай ноце падчас сустрэчы ў Міністэрстве замежных справаў Польшчы», – напісаў Пшыдач.

Нагадаем, 9 сакавіка ў МЗС Беларусі выклікалі Часовага Паверанага ў справах Польшчы ў Беларусі Марціна Вайцяхоўскага. Яму заявілі пратэст у сувязі з удзелам польскага консула ў Берасці Ежы Цімафеюка ў імпрэзе, прысвечанай Дню «выклятых жаўнераў». Удзелам у гэтай імпрэзе Ежы Цімафеюк нібыта парушыў Венскую канвенцыю пра консульскія зносіны. У сувязі з гэтым яму прапануюць пакінуць тэрыторыю Беларусі

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: belnaviny.by