Польшча разгарнула танкавы батальён непадалёк мяжы з Беларуссю



Польшча разгарнула ў мясцовасці Чартаева ў Сямятыцкім павеце  недалёка ад беларускай мяжы новы танкавы батальён у складзе першай пяхотнай дывізіі. Паведаміў у нядзелю, 12 лістапада, падчас свайго візіту на Падляшша, міністр Нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак.  Паводле яго,  стварэнне танкавага батальёну ў Чартаеве мае на мэце ўмацаванне абароны ад магчымага нападу з боку Расеі і Беларусі.

Фота: www.gov.pl

“Мы ўсведамляем пагрозы, мы выдатна ўсведамляем, што крамлёўскія ўладары развязалі вайну, бо хочуць аднавіць Расейскую імперыю, якая заўсёды была небяспечнай для суседзяў. Каб не дапусціць нападу на нашу Бацькаўшчыну, мы ўмацоўваем польскую армію”,  – сказаў Марыюш Блашчак.

У Чартаеве ўжо разгорнуты кантэйнерны гарадок, а ў бліжэйшыя гады плануецца развіццё пастаяннай інфраструктуры.

На першым этапе стварэння падраздзялення тут будзе дыслакавана больш за сто жаўнераў, а ў перспектыве — некалькі сотняў на пастаяннай аснове.

Апрача нядаўна закупленых карэйскіх танкаў К2, там будуць размешчаны мінамёты «Рак» і зенітныя комплексы «Попрад».

Беларускае Радыё Рацыя