Польшча рыхтуецца да візіту прэзідэнта ЗША
Візіт адбудзецца ў межах форуму дзяржаў Міжмор’я, які запланаваны на 6-7 ліпеня ва Уроцлаве. Плануецца, што амерыканскі лідар таксама выступіць з прамовай на варшаўскай Плошчы Красінскіх. Арганізацыя падобных урачыстасцей вымагае ад уладаў надзвычайнай увагі да пытання бяспекі. Адпаведныя захады выклікаюць і транспартныя нязручнасці.
З гэтай нагоды, мы сабралі меркаванні мінакоў на варшаўскіх вуліцах:
– Польшча першая краіна ў Еўропе, якую наведае Трамп, гэта вельмі мне падабаецца. Амерыканскія адносіны з Польшчай вельмі добрыя, гэта таксама сведчыць пра тое, што ён лічыць Польшчу важнай краінай у Еўропе.
– Думаю, што гэта можа быць добра для нашай эканомікі. Але я не падтрымліваю таго, што Трамп робіць у Амерыцы, а таксама яго падыходу да спраў звязаных з эмігрантамі. Таму ў мяне даволі змешаныя пачуцці.
– Не маю канкрэтнага меркавання. Адзінае, гэта тое, што будзе паралізавана камунікацыя ўсяго горада, уся Варшава будзе стаяць у корках.
– Як прэзідэнт ён павінен наведваць усе краіны з якімі навязвае супрацу і хоча ўтрымліваць дыпламатычныя кантакты.
Паведамляецца, што Дональд Трамп прыбывае ў Польшчу ўжо 5-га ліпеня. Польскі ўрад плануе падчас гэтага візіту ўзняць пытанне прысутнасці амерыканскіх жаўнераў у Польшчы, а таксама эканамічнай ды энергетычнай бяспекі.
Беларускае Радыё Рацыя