Польшча адзначае 100-годдзе незалежнасці
Польшча святкуе 100-годдзе аднаўлення незалежнасці. 10 лістапада 1918 года Юзэф Пілсудскі вярнуўся з нямецкай турмы ў Варшаву, а днём пазней Рэгенцыйная Рада Польскага Каралеўства перадала яму ўладу над войскам. Таксама менавіта 11 лістапада афіцыйна скончылася І Сусветная вайна, і ад гэтай даты вядзецца адлік новай польскай дзяржавы, гаворыць прафесар Варшаўскага ўніверсітэту Лешэк Заштаўт:
– Пілсудскі вярнуўся 10-га лістапада. 11 лістапада 1918 года афіцыйна Рэгэнцыйная Рада перадала Юзэфу Пілсудскаму вайсковую ўладу і вярхоўнае камандаванне. Гэтая дата ўвогуле сімвалічная. 11 лістапада пад Парыжам адбылося падпісанне Камп’енскага пагаднення аб заканчэнні Першай сусветнай вайны. Гэта хіба найважнейшы повад, каб выбраць гэтую дату.
Пасля ІІ Сусветнай вайны камуністы скасавалі Дзень Незалежнасці, замяніўшы яго Святам Адраджэння Польшчы, якое адзначалася 22 ліпеня – як напамін пра зацверджаны Сталіным маніфест Польскага Камітэту Нацыянальнага Вызвалення.
Свята 11 лістапада вярнулася ў афіцыйны каляндар толькі ў 1989 годзе.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя