Польшча ўрэзала ў 5 разоў падтрымку сайта „Хартыя’97”
Польшча спыняе падтрымку беларускага апазіцыйнага сайта „Хартыя’97”. Сёння яго галоўная рэдактарка Наталля Радзіна была запрошаная ў польскі Фонд міжнароднай салідарнасці.
Прэзідэнт і дырэктар Фонду Мацей Фалькоўскі і Аляксандра Ярашэвіч паведамілі журналістцы, што падтрымка сайта сёлета ў параўнанні з мінулым годам будзе скарочаная амаль у 5 разоў.
– Фактычна гэта азначае знішчэнне сайта, паколькі нам прапануецца месячны бюджэт сайта на цэлы год. Адбылося гэта па дзіўным збегу абставінаў адначасна з візітам у Польшчу кіраўніка нелегітымнага беларускага парламента Міхаіла Мясніковіча. Я думаю, што такія супадзенні невыпадковыя. Паколькі даўно вядома, што беларускія ўлады патрабуюць ад Польшчы спынення падтрымкі сайта «Хартыя». Відавочна, яны свайго дабіліся.
Наталля Радзіна заклікала грамадзянскую супольнасць і журналістаў да салідарнасці, а чытачоў да далейшай падтрымкі сайта «Хартыя’97», дзякуючы якой сайт і мог працаваць апошнія месяцы. Мы працягнем нашу працу чаго б нам гэта ні каштавала. За вашу і нашу свабоду!”,- гаворыцца ў адмысловай заяве Наталлі Радзінай.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя