Польшча ўвяла бясплатныя візы для маладых грамадзян Беларусі



Міністр замежных спраў Польшчы, не чакаючы ўваходжання ў сілу пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму для грамадзян Беларусі, 26 лютага 2020 года выдаў пастанову аб увядзенні нулявой тарыфнай стаўкі за прыём і разгляд візавых анкет на атрыманне шэнгенскіх віз для маладых беларусаў, паведамляецца ў прэс-рэлізе за подпісам дарадцы пасольства Польшчы ў Беларусі Аркадзіўша Клэмбека.

Такім чынам, з 29 лютага ад аплаты за прыём і разгляд візавых анкет на атрыманне шэнгенскіх віз у польскіх консульскіх установах на тэрыторыі Беларусі вызваленыя дзеці ад 6 да 18 гадоў і моладзь да 25 гадоў, якая бярэ ўдзел у семінарах, канферэнцыях, спартыўных, культурных або адукацыйных мерапрыемствах, што арганізаваныя некамерцыйнымі арганізацыямі.

Нулявая тарыфная стаўка консульскага збору дзейнічае выключна на тэрыторыі Беларусі да 31 снежня 2020 года. „Заяўнікі не вызваляюцца ад абавязку аплаты ў выпадку паўторнага прыёму і разгляду візавых анкет на атрыманне шэнгенскіх або нацыянальных віз”, — падкрэслілі ў польскім пасольстве.

Пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі Беларусь і ЕС падпісалі 8 студзеня.

Новая рэдакцыя Візавага кодэкса ЕЗ увайшла ў сілу 2 лютага 2020 года. У прыватнасці яна прадугледжвае павелічэнне візавага збору для грамадзян усіх краін да 80 еўра, калі іншае не прапісанае ў двухбаковых пагадненнях.

У канцы мінулага года МЗС Беларусі заклікала Еўразвяз „выкарыстаць усе магчымасці для таго, каб замарозіць кошт шэнгенскіх віз для беларусаў” на ўзроўні 60 еўра да ўваходжання ў сілу пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму, аднак у ЕЗ адказалі, што гэта немагчыма.

belapan.by