Польшча ўвяла санкцыі ў дачыненні да больш як трох соцень беларусаў
Польшча ўвяла санкцыі ў дачыненні да 365 беларусаў: ім забароняць уезд у шэнгенскую зону і заблакуюць іх рахункі. Сярод іх 23 працаўнікі беларускіх дзяржаўных СМІ і 159 дэпутатаў.
Такім чынам, санкцыі распаўсюджваюцца на ўсіх чальцоў беларускага парламента. Таксама ў спісе суддзі, пракуроры, прадстаўнікі райвыканкамаў, сілавікі, спартсмены, супрацоўнікі дзяржустаноў, дзеячы культуры і навукі.
“Гэтыя людзі прасоўвалі беларускі рэжым, а таксама ўдзельнічалі ў легітымацыі і падтрымцы рэпрэсіўнай палітыкі ўладаў у Менску. Яны таксама нясуць адказнасць за палітычна матываваны прысуд Анджэю Пачобуту, вынесены па ілжывых абвінавачваннях… за прымяненне фізічных і псіхічных катаванняў, збіцця, запалохвання і дыскрымінацыі польскай меншасці. У Беларусі яны таксама былі задзейнічаныя ў знішчэнні польскіх могілак і помнікаў”, – адзначаецца ў заяве.