Польшча ўзмацняе ўсходнюю мяжу



З візітам у Беластоку пабываў міністр абароны краіны Томаш Семоняк. Цягам бліжэйшых 3 гадоў на ўсходняй мяжы Польшчы будзе размешчана больш жаўнераў, будзе больш вайсковага абсталявання, а таксама з’явіцца ваенная інфраструктура. Але гэта не абазначае, што будуем мур з Беларуссю, сказаў міністр:

–  Не будуем акопы перад кімсьці, а проста дбаем пра сваю бяспеку. Геаграфія размяшчэння вайсковых частак такая, што каля 90% ваеннага патэнцыялу маем на захадзе. Так склалася гістарычна. І трэба гэта змяніць. Хочам, каб гэты патэнцыял трошкі перасоўваўся і на ўсходні бок.

Напрыканцы кастрычніка міністр абароны заявіў, што міністэрства плануе пабольшыць колькасць ваенных на ўсходзе краіны. Паводле Семоняка, развіццё гарнізонаў на ўсходзе Польшчы – гэта частка плана па ўзмацненні бяспекі краіны. Поўны план міністр абяцае прадставіць да канца лістапада.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота polskieradio.pl