Польшча высылае беларускага дыпламата з амбасады ў Варшаве



28 лютага ў Берасці генеральны консул Ежы Цімафеюк узяў удзел у адзначэнні Дня памяці выклятых жаўнераў. Афіцыйна гэты дзень адзначаецца ў Польшчы 1 сакавіка і прысвечаны жаўнерам польскага пасляваеннага антыкамуністычнага падполля. Мерапрыемства праходзіла ў памяшканні, якое арандуе “Берасцейскі форум польскіх лакальных ініцыятыў” і “Польская школа”, зарэгістраваныя арганізацыі. Падобнае мерапрыемства праходзіла не першы год, але сёлета, на фоне закідаў афіцыйнага Менска ў бок Польшчы, маўляў з-пад Варшавы каардынуюць пратэсты на вуліцах беларускіх гарадоў, яно стала нагодай для абвастрэння сітуацыі. Справа ў тым, што сярод выклятых жаўнераў значыцца і постаць Рамуальда Райса, псеўданім “Буры”, атрад якога ў 1946 годзе забіў 79 мірных жыхароў, праваслаўных беларусаў, у тым ліку жанчын і дзяцей у пяці падляшскіх вёсках. Супраць гераізацыі гэтай постаці беларускае МЗС выступала і раней.

Пакуль невядома, ці ў Берасці была гаворка пра “Бурага”, аднак 9 сакавіка ў МЗС Беларусі быў выкліканы Часовы Павераны ў справах Польшчы Марцін Вайцяхоўскі, якому выказалі рашучы пратэст у сувязі з удзелам консула Цімафеюка ў названым мерапрыемстве. А ўжо 10 сакавіка пракуратура Берасця распачала крымінальную справу па факце гераізацыі ваенных злачынцаў. Паведамляецца, што 28 лютага ў Берасце прайшло незаконнае масавае мерапрыемства, падчас якога “адзетыя ў нацыянальную форму польскай скаўцкай арганізацыі маладыя людзі выконвалі песні, чыталі вершы ў славу ваенных злачынцаў, у тым ліку Рамуальда Райса..”. Сюжэт на гэтую тэму паказалі па дзяржаўным тэлебачанні. Так, на тэлеканале СТВ задаваліся пытаннем, якіх гэта герояў вучаць любіць у прыватнай школе?

Хоць зразумела, што справа тут не ў “героях” ці “анты-героях”. Сітуацыя выкарыстана дзеля таго, каб у чарговы раз абвінаваціць Польшчу ў злых намерах і каварных планах. Улады ў Беларусі ніяк не могуць прызнаць, што пратэсты супраць іх маюць характар выключна ўнутраны, а таму працягваюць паўтараць сваю мантру, што ўсіх купілі і скаардынавалі з-за мяжы. Польскі бок называе такія дзеянні несяброўскімі і неабгрунтаванымі. Намеснік міністра замежных спраў Марцін Пшыдач, каментуючы сітуацыю з высылкай дыпламатаў, заклікаў Менск не адцягваць увагу ад самага галоўнага, пайсці на дыялог з грамадствам, вызваліць палітычных вязняў і прытрымлівацца асноўных правоў чалавека. Так ці іначай, гэта яшчэ далёка не завяршэнне канфлікту з афіцыйным Менскам.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя