Польшча завяршае выбарчую кампанію
Апоўначы ў Польшчы пачынаецца перадвыбарчая цішыня, а ўжо ў нядзелю крыху больш за 30 мільёнаў выбарцаў будуць вырашаць, хто стане новым кіраўніком дзяржавы. Па ўсіх разліках і прагнозах спатрэбіцца і другі тур галасавання.
Як і падчас кожнай выбарчай кампаніі ўжо вядомыя фаварыты сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў. Аднак пэўнасці, чым жа яна закончыцца няма ніякай, адзначае polskieradio.pl.
Пачаткова планавалася, што прэзідэнцкія выбары ў Польшчы пройдуць 11 траўня, аднак эпідэмія каронавіруса прымусіла ўлады краіны адмовіцца ад гэтага тэрміна і перанесці галасаванне на нядзелю, 28 чэрвеня. Яно пройдзе, як традыцыйным шляхам, так і па пошце.
На прэзідэнцкіх выбарах балатуецца 11 кандыдатаў, усе мужчыны. Пачаткова кандыдатам ад самай буйной апазіцыйнай сілы Польшчы лева-ліберальнай «Грамадзянскай кааліцыі» была намесніца старшыні Сейму Малгажата Кідава-Блоньска. Аднак 15 траўня яна заявіла, што адмаўляецца ад сваёй кандыдатуры, а яе месца заняў мэр Варшавы 48-гадовы Рафал Тшаскоўскі. Менавіта ён лічыцца асноўным канкурэнтам цяперашняга прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды, за якім стаяць «Аб’яднаныя правыя сілы» пад кіраўніцтвам кансерватыўнай партыі «Права і справядлівасць».
Фота: wiadomosci.onet.pl