Польшча збіраецца будаваць АЭС



У якасці магчымага месца разглядаюцца дзве пляцоўкі ў Паморскім ваяводстве каля Гданьска: Капаліна ў гміне Хачэва і Жарновец у гміне Пуцк, дзе ўжо пачыналі будаваць АЭС, але будаўніцтва было спыненае 28 гадоў таму.

Станцыю будавалі з 83 па 89 гады мінулага стагоддзя, але масавыя пратэсты грамадскасці супраць будаўніцтва, ды на фоне катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, змусілі польскія ўлады адмовіцца ад будаўніцтва. Міністр энэргетыкі Польшчы Кшыштаф Тхужэўскі раней заяўляў, што рашэнне аб будаўніцтве АЭС можа быць прынятае ўжо да канца 2017 года, але дакладна не пазней за 2020 год. Акрамя таго, ён сказаў, што хоча бачыць у Польшчы тры атамныя станцыі.

Выданне Dziennik Gazeta Prawna 3 жніўня паведаміла, што рашэнне будаваць АЭС прынятае. Але яшчэ не вырашана, на якія грошы яна будзе будавацца і паводле чыіх тэхналогій. Новая станцыя будзе знаходзіцца за 800 км ад беларускай Гародні.

Тым часам Польшча адмовілася купляць электрычнасць з Беларускай АЭС, калі тая будзе дабудаваная: яна далучылася да байкоту Літвы праз сумневы ў бяспецы станцыі.