Польска-бальшавіцкія адносіны. Нашы дні
«А што – Лукашэнка хіба не беларус?» – спытаўся ў мяне адзін украінец. Прычым з выклікам спытаўся, нібыта задае рытарычнае пытанне.
Я чарговы раз за сваё жыццё заяўляю, што Лукашэнка не проста не беларус, ён антыбеларус. І няхай не ўводзіць у зман беларускі акцэнт дыктатара.
Цяпер у Польшчы традыцыйна згадваюць 1920 год, свой поспех у «польска-бальшавіцкай» вайне. Дакладнае азначэнне – важная рэч. Бо польска-бальшавіцкая вайна трывае і ў нашы дні.
Дык чаму ж не «польска-расейская» вайна была ў 1920-м годзе? Расейцы як намінальна кіроўны ў імперыі этнас былі разгромленыя. Кім? Бальшавікамі. Бальшавікі, пазней вядомыя пад назвай «камуністы», – гэта міжнародная тэрарыстычная групоўка. Кшталту сучаснай «Ісламскай дзяржавы».
Лукашэнка ўсяляк падкрэслівае сябе датычным да нэабальшавіцкай групоўкі.
Лукашэнка ўжо нават блізка не імітуе, што трымаецца да законаў. «Часам не да законаў» – гэтую фразу Лукашэнкі варта будзе выбіць на ягоным надмагіллі, калі яно будзе.
У 1920-м годзе ў жніўні бальшавікі рушылі на Варшаву, нават не сумняючыся, што возьмуць яе за тры дні. І пойдуць далей да Ла-Маншу.
Вельмі празрыста нагадвае паход пуціністаў на Кіеў у лютым 2022 годзе.
Сваю перамогу ў 1920-м годзе палякі назвалі словам «цуд». «Цуд над Віслай» 15 жніўня – гэта нацыянальнае свята, выходны дзень з парадам і салютам. Дзень Войска Польскага.
А чаму ўласна цуд? Гісторыя такая, што бальшавік Будзённы павёў сваю на той момант як бы легендарную конніцу на шэрагі палякаў, і… і абозы адсталі. А абоз – гэта не толькі ежа для людзей і коняў. Гэта яшчэ і зброя і боепрыпасы.
Ачмурэлыя ад беспакаранасці падчас грамадзянскай вайны ў Расеі бальшавікі не чакалі сур’ёзнага супраціву.
Прыблізна як цяпер з боку ўкраінцаў.
Што ў 1920-м, што цяпер, бальшавіцкае войска складаецца не з матываваных людзей. А палякі і ўкраінцы акурат былі і ёсць моцна матываванымі – бо баранілі і бароняць сваё.
Цуд над Віслай, цуд пад Кіевам. Ніякага цуду – палітычныя расейцы не здатныя жыць, працаваць і нават ваяваць сістэмна. Яны прыдумляюць казкі, у якія вераць самі, і прымушаюць верыць вонкавы свет.
Міф пра «несокрушимую, непобедимую» быў развенчаны яшчэ ў 1920-м годзе над Віслай. Міф пра «другую армію свету» знішчаны ў нас на вачах ва Украіне. Няма каго па-сапраўднаму баяцца.
Палякі сцягваюць да межаў з Беларуссю ўсё новыя войскі.
Варыянты такія. Альбо лукашысты разам з расейцамі справакуюць збройны канфлікт, і тады атрымаюць паразу. Альбо будуць вымушаныя слухаць што ім кажуць з заходняга берагу ракі Буг.
Жыве!
Гукавы файл:
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя