Польскае МУС перасцерагае: Расея паспрабуе пасварыць палякаў і ўкраінцаў



Намеснік міністра ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Мацей Вонсік (Maciej Wąsik) папярэджвае, што Расея спрабуе распальваць канфлікты паміж палякамі і ўкраінцамі. У эфіры Польскага радыё 24 палітык сказаў, што з-за прытоку ў Польшчу ўцекачоў трэба браць пад увагу магчымасць расейскіх правакацый.

“Польшча прымае велізарную колькасць уцекачоў з Украіны і пры нагодзе ўзнікаюць галасы, якія спрабуюць нас пасварыць, ці выклікаць адмоўнае стаўленне да ўкраінцаў і канфлікт”. Міністр адзначыў, што ў крызісных сітуацыях Расея заўсёды спрабуе распальваць унутраныя спрэчкі ў заходніх краінах. Паводле яго, так было ў Іспаніі падчас каталонскага крызісу і ў Вялікабрытаніі падчас рэферэндуму аб выхадзе краіны з Еўрасаюза.