Польскае МЗС: Расея свядома нарошчвае напружанасць у адносінах з Захадам
Да напружанасці на лініі Захад-Расея спрычыняецца агрэсіўная палітыка Крамля, лічыць намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач (Marcin Przydacz).
Ён нагадаў, што апошнім часам Расея правяла ваенныя вучэнні на мяжы з Украінай і выслала заходніх дыпламатаў, у тым ліку з Польшчы і Чэхіі.
Марцін Пшыдач заявіў у эфіры TVP Info, што Расея свядома нарошчвае напружанасць у адносінах з Захадам:
– Трэба задумацца, што з’яўляецца прычынай. Прычына – гэта агрэсіўная палітыка не толькі ў дачыненні да Захаду. Гаворка ідзе пра кібератакі, спробы ўмяшальніцтва ў выбары, актыўнасць расейскай выведкі. Гаворка ідзе таксама пра палітыку на Усходзе Еўропы – у Крыме, а таксама тэракт на тэрыторыі Чэхіі.
Нагадваем, 17 красавіка Чэхія абвясціла аб высылцы з краіны 18 супрацоўнікаў пасольства Расейскай Федэрацыі ў Празе. Чэхі палічылі дыпламатаў супрацоўнікамі расейскіх спецслужбаў, якія мелі дачыненне да выбуху складоў боепрыпасаў у Врбеціцах у 2014 годзе, у выніку чаго загінулі два чалавекі. У адказ Міністэрства замежных спраў Расеі палічыла непажаданымі 20 супрацоўнікаў пасольства Чэхіі ў Маскве і загадала ім пакінуць краіну.
Фота: pap.pl