Польская дэлегацыя наведала Курапаты (абноўлена)



Прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта Польшчы і супрацоўнікі польскай амбасады ў Менску ўсклалі кветкі і паставілі знічы да курапацкіх крыжоў. Візіт заняў літаральна некалькі хвілінаў і быў зладжаны як непублічны, без камунікацыі з прэсай і абаронцамі Курапатаў.

Як вядома, галоўны пункт праграмы ў польскай дэлегацыі, – адкрыццё мемарыялу ў Трасцянцы. Адначасова Курапаты наведалі хрысціянскія актывісты з Заходняй Еўропы. Зяўленне забаўляльнага комплексу ля народнага мемарыялу каментуе жыхар Францыі Хэнін Шыкора.

Яны робяць гэта дзеля грошай і не думаюць пра маральныя праблемы. Яны не ўсведамляюць, што робяць.

Ля брамы рэстарана ля Курапатаў зараз дзяжураць некалькі дзясяткаў абаронцаў. Гэтым разам актывісты прымацавалі да агароджы не толькі плакаты, але і адміністрацыйныя праколы, складзеныя на іх за час пратэстаў з 31 траўня. А таксама пакінулі на браме чырвоныя адбіткі далоняў.

Урадавая дэлегацыя Польшчы, якая прыехала на адкрыццё мемарыялу ў Трасцянцы, наведала мемарыял у Курапатах. З падрабязнасцямі наш калега Стась Дадэрка.

У 10.45 Курапаты наведала польская дэлегацыя. Але яна адмыслова рабіла гэта непублічна. Так было дамоўлена з некаторымі актывістамі і журналістамі, каб тыя не падыходзілі туды. Але журналісты ўсё ж заспелі польскую дэлегацыю. Кажуць, што на яе чале быў кіраўнік адміністрацыі Анджэя Дуды. Яны ніяк не прадстаўляліся, устрымліваліся ад каментароў, маланкай прайшлі праз Курапаты і з’ехалі. Магчыма, што сюды завітаюць яшчэ дэлегацыі з Аўстрыі і Нямеччыны.

Таксама сёння наведалі Курапаты хрысціяне з Нямеччыны і Францыі. Яны нават прынялі ўдзел у расклейванні плакатаў.

Як вядома, талаку, а менавіта ўсталяванне крыжоў, улады сёння сарвалі. Зміцер Дашкевіч і яго паплечнікі з кампаніі «Цесляры» затрыманыя, месца іх знаходжання невядомае. Пра гэта распавяла Наста Дашкевіч.

Варта каля брамы рэстарана «Поедем поедим» і пратэсты працягваюцца. Зараз у іх бяруць удзел каля 30-40 чалавек. Сюды сёння прыйшоў нават Леанід Кулакоў, які пазаўчора атрымаў пералом рукі з-за наезду аўтамабіля. Па словах Паўла Севярынца, з рэстарана нібыта пачалі вывозіць некаторае абсталяванне. Бо, відавочна, камерцыйна невыгодна ўжо існаваць у такіх умовах.

Да брамы рэстарана «Поедем поедим», дзе актывісты працягваюць акцыю пратэсту, польская дэлегацыя не падыходзіла.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота nn.by, svaboda.org