Польская ўсходняя палітыка як інструмент ва ўнутраных спрэчках



У Варшаўскім Універсітэце на канферэнцыі, арганізаванай Студыюм Усходняй Еўропы, дыскутавалі пра ўсходнюю палітыку Польшчы. Адмыслоўцы з польскіх інстытутаў зазначылі, што афіцыйнай Варшаве бракуе доўгатэрміновай канцэпцыі ў адносінах да Беларусі і Украіны.

На думку аднаго з дыскутантаў Лукаша Ясіны, публіцыста з «Культуры лібэральнай» і супрацоўніка Музея гісторыі Польшчы, польскі ўрад павінен абапіраць сваю палітыку на двух кірунках:

— Мы надта доўга меркавалі, што не будзе Аляксандра Лукашэнкі і калі ён сыдзе, мы неяк нармалізуем свае дачыненні з беларусамі. Аляксандр Лукашэнка і ягоная сістэма — трываюць. І магчыма, гэтая сістэма застанецца нават пасля адыходу Лукашэнкі. Мы павінныя падумаць, як дзейнічаць двухкалейна: з аднаго боку, пэўныя тактычныя кампрамісы з урадам у эканамічных, палітычных пытаннях, а з іншага боку, адначасовая падтрымка грамадзянскай супольнасці. Гэта можна сумясціць, і іншай ідэі няма. Аляксандр Лукашэнка быў, ёсць і будзе, але гэта зусім не азначае, што мы павінны яго любіць ці наадварот, чакаць да ягонай смерці.   

Таксама эксперт адзначыў, што ўсходняя палітыка агулам усё больш становіцца аб’ектам для палітыкі ўнутранай:

— У Польшчы цяпер ужо няма «святых» тэмаў. Кожная тэма — гэта тэма ўнутранай гульні, а сярод іх таксама і ўсходняя палітыка. На жаль, гэтая змена да горшага і гэта не аблягчае рацыянальнага будавання польскай усходняй палітыкі. Да таго, пакуль палітыкі супернічаюць не ў тым, каб паказаць, як яны дбаюць пра інтарэсы Польшчы, толькі ў тым, каб паказаць, што супернік пра гэтыя інтарэсы не дбае.  

Апроч гэтага, падчас дыскусіі ў Варшаўскім універсітэце прагучала меркаванне, што Польшча павінна больш актыўна праводзіць сваю ўсходнюю палітыку.

[Not a valid template]

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток