Польскі дэпутат пра перспектывы супрацы з Беларуссю



15 лютага Еўразвяз зняў санкцыі са 170 беларускіх чыноўнікаў і 10 кампаніяў. Што зменіцца ў адносінах паміж ЕЗ і Беларуссю, ці будзе надалей Еўропа падтрымліваць беларускую дэмакратычную апазіцыю і як зняццё санкцыяў паўплывае на сітуацыю ва Усходняй Польшчы, расказвае польскі дэпутат і старшыня парламенцкай камісіі па замежных справах Роберт Тышкевіч.

54c8888faae7e_o

Роберт Тышкевіч: Гэта шанец, які прадставілі дыялогу Беларусі з Еўропай і Беларусі з Польшчай. Мы разлічваем, што гэты дыялог прынясе вымерныя вынікі, перш за ўсё ў кантактах з Польшчай, і дасць плён у выглядзе ўвядзення малога памежнага руху — гэтага мы чакаем перш за ўсё, а таксама разлічваем на ўрэгуляванне прававога статусу польскай меншасці ў Беларусі, якая да сёння не можа легальна весці сваю дзейнасць. Вядома, для нас таксама важна, каб Беларусь павышала ўнутраныя стандарты  функцыянавання дзяржавы, каб яны набліжаліся да еўрапейскіх вартасцяў. Мы кажам пра прагрэс у галіне дэмакратыі, свабоды СМІ і тут праверкай будуць вядома, восеньскія парламенцкія выбары. Убачым, ці Беларусь рэалізуе рэкамендацыі, якія пасля апошніх выбараў сфармулявала АБСЕ, ці гэтыя выбары будуць хоць крыху больш дэмакратычнымі і ці ў выніку гэтых выбараў у беларускі парламент трапіць хаця б сціплае прадстаўніцтва апазіцыйных колаў.

Мы разлічваем на прагрэс, бо верым, што спосаб дасягнуць узаемапаразумення паміж суседзямі — гэта дыялог, нават на найбольш складаныя тэмы — шчыры і адкрыты дыялог.

 РР: Еўразвяз і Польшча будуць надалей падтрымліваць беларускую дэмакратычную апазіцыю?

Тут нічога не мяняецца. Адмена дыпламатычных санкцыяў у дачыненні да дыялогу звязаная таксама з выкананнем Беларуссю асноўнай умовы, якую ставіў ЕЗ: вызваленне палітвязняў. І Беларусь гэтую ўмову выканала, таму і такая рэакцыя Еўразвязу і адкрыццё магчымасці палітычнага дыялогу. Якія ён прынясе вынікі — убачым. Маючы такі а не іншы досвед з мінулага мы не можам тут быць надта вялікімі аптымістамі, але трэба адзначыць, што вяртаемся да стала размоваў з Беларуссю. І гэта добрая навіна.

РР: Ці будзе падтрымка апазіцыі і ці не будзе такая падтрымка супярэчыць таму, што ЕЗ зняў санкцыі?

— Польшча і Еўразвяз прытрымліваюцца аднолькавых прынцыпаў у кантактах з кожнай дзяржавай, а гэта значыць кантакты як з уладамі так і з апазіцыяй. І Еўразвяз і Польшча будуць працягваць свае праграмы падтрымкі грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і няўрадавых арганізацыяў, якія дзейнічаюць часам ва ўмовах няпоўнай легальнасці ў Беларусі. Усе праекты праграмы і праекты, якія існавалі да гэтага часу, такія як Радыё Рацыя, Белсат, стыпендыяльныя праграмы для беларускіх студэнтаў. Іх абавязкова трэба працягваць, бо гэта будзе таксама практычнай праверкай таго, ці ёсць жаданне добрых зменаў з беларускага боку, а ўсе мы зацікаўленыя менавіта ў тым, каб такія змены адбываліся.   

 РР: Што значыць зняццё санкцыяў для  Усходняй Польшчы, калі надалей няма малога памежнага руху, ліквідуецца цягнік, бо Менск не зацікаўлены?

— Зняццё санкцыяў — гэта шанец на дыялог, а не гарантыя таго, што гэтыя дыялог прынясе чаканы намі плён. Але дыялог лепшы за маўчанне, бо ў выніку дыялогу можа адбыцца нейкі прагрэс. Практычнай праверкай жадання шчырага дыялогу з беларускага боку, будзе для Польшчы ўвядзенне малога памежнага руху і легалізацыя польскай меншасці ў Беларусі — гэта 2 вялікія і чаканая польскім бокам рашэнні. Мы ва Усходняй Польшчы таксама павінны пачакаць гэтага шанцу. Толькі цяпер беларускі бок не зможа казаць, што гэта палітычная непрыхільнасць Польшчы і Еўразвязу перашкаджае нармалізацыі ўзаемадачыненняў, бо ніякай непрыхільнасці сёння няма і можна заклікаць улады Беларусі смела рабіць крокі да супрацы.

Пра цягнік да Гародні трэба пытаць ва уладаў чыгункі. Асабіста я лічу, што любое аслабленне паміж Беластокам, паміж нашым рэгіёнам і Гародняй і Беларусі грае не на карысць нашым інтарэсам. У сувязі з гэтым я буду дамагацца, каб гэты цягнік зноў увялі ў расклад, бо лёгкая камунікацыя грамадзянаў з абодвух бакоў мяжы — гэта вялікая вартасць.

З польскім дэпутатам і старшынёй парламенцкай камісіі замежных спраў Робертам Тышкевічам гутарыў наш карэспандэнт Лукаш Леанюк.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным аўдыёфайле:

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота:polskatimes.pl