Польскі палкоўнік: “Трэцяя Сусветная вайна ўжо ідзе”



“Яна пачалася 11 верасня 2001 года”, – мяркуе Тадэвуш Кшонстэк,  польскі палкоўнік і выкладчык Інстытута Усходняй Еўропы ў Варшаўскім універсітэце.

Як сцвярджае Тадэвуш Кшонстэк, на сённяшні дзень “Ісламская дзяржава”, якая не перастае пашыраць свае ўплывы ў свеце, з’яўляецца болей небяспечнай для заходняга свету, чым Расейская Федэрацыя:

– Гэта стане праблемай не толькі для ЗША, якая заангажаваная ў падзеях у Афганістане, але і для краін суседніх, – Туркменістану, Узбекістану, Казахстану, у тым ліку і Расеі, бо яны сцвярджаюць, што “пойдуць на Крэмль”. Яны хочуць стварыць свае структуры на тэрыторыі Расеі.

Песімістычныя прагнозы выказвае таксама ўкраінскі даследчык радыкальнага ісламскага экстрэмізму Аляксандр Ніканораў. На яго думку, сусветна ўплывовыя дзяржавы, такія як ЗША, Расея, Іран, Турцыя і Ізраіль маюць сваё зацікаўленне  ў падтрымцы і фінансаванні баевікоў “Ісламскай дзяржавы”:

– Я думаю, што ад таго, што “Айсіс” выгадны ўсім, і нікому не хочацца з ім змагацца, то мы маем усе шанцы атрымаць такую парахавую бочку на Блізкім Усходзе, ад якой полымя рэвалюцыі і вайны можа перакінуцца далёка за межы гэтых краін. Гэта будзе настолькі млявапраяўны і непрадказальны канфлікт, што ён можа прывесці нават да Трэцяй Сусветнай вайны.

Летам 2014-га года  баевікі “Ісламскай дзяржавы” захапілі частку Сірыі і Ірака. На дадзены момант  гэта самая магутная тэрарыстычная арганізація ў свеце.

Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава