Польскі пасол у Менску запрошаны „для гутаркі” ў беларускае МЗС



Польскі пасол у Менску Конрад Паўлік запрошаны „для гутаркі” ў беларускае МЗС у сувязі з выказваннямі міністра замежных спраў Вітальда Вашчыкоўскага з нагоды БелАЭС.

Кіраўнік польскай дыпламатыі заявіў РИА Новости, што яго краіна не будзе купляць электраэнергію, выпрацаваную Беларускай АЭС, з-за небяспечных тэхналогій, па якіх яна будуецца.

„У выпадку калі працытаваныя ў СМІ словы спадара міністра цалкам адпавядаюць сказанаму, у наяўнасці відавочная палітызацыя руціннага пытання будаўніцтва Беларускай АЭС праз дэманстрацыю асобнымі краінамі так званай „еўрапейскай салідарнасці” пад націскам літоўскага боку”, — гаворыцца ў каментары прэс-службы МЗС Беларусі (Літва актыўна выступае супраць праекта).

„Беларусь адкрытая да супрацоўніцтва і кантактаў па пытаннях ядзернай бяспекі, у тым ліку ў кантэксце будаўніцтва Беларускай АЭС, з усімі зацікаўленымі, і тым больш такімі блізкімі суседзямі, як Польшча, — адзначае МЗС. — Польшча ў 2009—2013 гг. удзельнічала ў міждзяржаўным абмеркаванні вынікаў праведзенай Беларуссю ацэнкі ўздзеяння будучай АЭС на навакольнае асяроддзе і не пярэчыла супраць рэалізацыі праекта”.

„Прэтэнзіі або сумненні ў дачыненні да бяспекі праекта польскі бок у кантактах з намі не выказваў ні на двухбаковым узроўні, ні ў рамках існуючых міжнародных фарматаў. Так, напрыклад, у ходзе працэсу абмеркавання нацыянальнага даклада Беларусі аб выкананні Канвенцыі аб ядзернай бяспецы напярэдадні Нарады бакоў (27 сакавіка — 7 красавіка 2017 г.) польскія калегі задалі ўсяго тры практычныя пытанні, на якія мы адказалі”, — адзначана ў каментары.

„Увязка, якая прагучала, нібыта прынятага рашэння не закупляць электраэнергію, вырабленую на Беларускай АЭС, з „небяспечнасцю тэхналогіі” гучыць дзіўна як мінімум у святле таго, што Польшча сама разглядае магчымасць развіцця ў краіне ядзернай энергетыкі”, — звяртае ўвагу МЗС.

Ведамства нагадвае, што тэхналогіі, якія прымяняюцца пры будаўніцтве Беларускай АЭС, „паспяхова выкарыстоўваюцца пры рэалізацыі аналагічных праектаў у такіх краінах Еўрапейскага саюза, як Венгрыя, Славакія, Фінляндыя і Чэхія”. „Наколькі нам вядома, афіцыйнай крытыкі з боку Польшчы ў адрас згаданых дзяржаў па гэтай тэме не гучала”, — гаворыцца ў каментары.

belapan.com