Польскі погляд на вынікі беларускіх выбараў



Дзве дэпутаткі ад апазіцыі трапілі ў Палату прадстаўнікоў – гэты факт шырока абмяркоўваецца ў СМІ суседняй з Беларуссю Польшчы. Галоўны рэдактар Eastbook.com Лукаш Граеўскі мяркуе, што так як і ў Беларусі, для польскіх СМІ знаходжанне ў парламенце Ганны Канапацкай і Алены Анісім выклікалі здзіўленне. Пры гэтым ён адзначае, што агульны падыход польскай палітычнай сцэны да беларускай Палаты прадстаўнікоў не зменіцца:

– Аляксандар Лукашэнка – гэта галоўная асоба ў Беларусі, з якой належыць размаўляць, калі ўвогуле хочам размаўляць па лініі Варшава-Менск. Таму паглядзім, ці гэтыя дзве асобы выйдуць з ініцыятывай шукаць кантакту з польскім бокам, бо беларуская апазіцыя цягам многіх гадоў такі дыялог з польскімі палітыкамі праводзіла. Ёсць пэўная мажлівасць, каб дзве дэпутакі ў беларускім парламенце маглі такі дыялог праводзіць на афіцыйным роўні.

Сёлета на хвалі нармалізацыі адносінаў паміж афіцыйным Менскам і Варшавай з афіцыйным візітам Беларусь наведваў віцэ-спікер польскага Сейму. Паводле Лукаша Граеўскага, спробы кантактаў на парламенцкім роўні працягнуцца і пры новым складзе Палаты прадстаўнікоў.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя