Польскі Сейм прыняў змены ў закон аб Інстытуце нацыянальнай памяці



Польскі Сейм сёння прыняў змены ў закон аб Інстытуце нацыянальнай памяці, якія адмяняюць палажэнне аб крымінальнай адказнасці.

Змены падтрымалі 288 дэпутатаў, супраць выступілі 25 народных выбраннікаў, пяцёра – устрымаліся ад галасавання.

Кіраўнік Канцылярыі прэм’ера Міхал Дворчык заявіў, што польскі ўрад хоча адмовіцца ад часткі палажэнняў Закона аб Інстытуце нацыянальнай памяці, паведамляе Polskie Radio.

Гаворка ідзе аб абароне добрага імя Польшчы і гістарычнай праўды. Дворчык падкрэсліў, што для абароны гэтай мэты ІНП атрымае больш эфектыўныя прававыя інструменты.

Міхал Дворчык паведаміў, што прэм’ер-міністр Польшчы Матэуш Маравецкі накіраваў спікеру Сейма заяву аб унясенні паправак у закон аб Інстытуце нацыянальнай памяці.

Змены ў Закон аб ІНП ўступілі ў сілу 1 сакавіка 2018 года і выклікалі крытыку міжнароднай супольнасці. Аб сваіх асцярогах паведамлялі, у прыватнасці, Ізраіль, ЗША і Украіна.

Згодна іх, кожны, хто публічна і насуперак фактам прыпісвае польскаму народу або дзяржаве адказнасць за злачынствы, учыненыя гітлераўскай Германіяй або іншыя злачынствы супраць чалавецтва, — будзе пакараны штрафам або пазбаўленнем волі тэрмінам да трох гадоў. З нагоды закона павінен выказацца Канстытуцыйны суд Польшчы.

Фота: PAP/Paweł Supernak