Польскі Сейм: Зарэгістравана 4 млн 100 тыс уцекачоў з Сірыі
Праходзіць надзвычайнае пасяджэнне польскага Сейма, прысвечанае праблеме ўцекачоў і мігрантаў. Пасяджэнне распачала прэм’ер-міністр краіны Эва Копач, якая адзначыла, што гэта “найвялікшы гуманітарны крызіс у Еўразвязе”.
Эва Копач
Прэм’ер адзначыла, што прыналежнасць да еўрапейскай супольнасці накладае пэўныя абавязкі. Пры гэтым яна падкрэсліла, што трэба аддзяляць непасрэдна ўцекачоў ад эканамічных мігрантаў:
– Па-першае, трэба аддзяляць эканамічных мігрантаў ад уцекачоў. Па-другое, узмацненне межаў, ва ўзмацненні межаў мы сёння можам быць прыкладам у Еўропе. Наша ўсходняя мяжа адначасова з’яўляецца ўсходняй мяжой Еўропы, да якой штодзень пад’язджаюць аўтобусы і цягнікі. Як бачыце, на гэты момант наплыву мігрантаў няма.
Міністр замежных спраў Польшчы Гжэгаж Схетына назваў гэты дзень і праблему ўцекачоў – “выключнымі”.
Гжэгаж Схетына (Фота gazetaprawna.pl)
Міністр назваў і статыстычныя дадзеныя: ад пачатку ваеннага канфлікту ў Сірыі, зарэгістравана 4 мільёны 100 тысяч уцекачоў з гэтай краіны. Два мільёны з іх зарэгістраваныя ў Турцыі, больш за два мільёны – у Егіпце, Іарданіі, Іраку і Ліване, і нязначная колькасць у Паўночнай Афрыцы. На іх утрыманне неабходна 4,5 мільярды даляраў, а пакуль сабрана 1 мільярд 700 мільёнаў:
– Адной з прычын роспачных уцёкаў з лагераў з Лівана і Іарданіі, а таксама з Турцыі, дрэнныя ўмовы ў лагерах уцекачоў. Яна далі апошні імпульс арганізацыі гэтай вялікай міграцыя ў Еўропу. У мінулым годзе сірыйцы падалі ў еўрапейскіх краінах 138 тысяч заяўваў на азыль. Ад студзеня да жніўня гэта лічба у тры разы большай і склала больш за 428 тысяч.
Як падкрэсліў Гжэгож Схетына, што ў гэтай сітуацыі трэба прымаць ня толькі каротка-тэрміновыя рашэнні і дзеянні, але і на доўгую перспектыву. І што нельга дапусціць, каб узнікла новае падзяленне на “ўсход” і “захад”.
“Мы не маем прычын, каб саромецца, але маем прычыны, каб змагацца за нашу суверэннасць, каб бараніцца ад скандальных выказванняў палітыкаў…”, – заявіў старшыня апазіцыйнай партыі “Права і справядлівасць” Яраслаў Качыньскі ў час свайго выступу на надзвычайным пасяджэнні польскага Сейма.
Яраслаў Качыньскі (Фота newspix.pl)
Ён прыгадаў, што шмат палякаў эмігравала ў іншыя краіны, але яны там “нікога не тэрарызуюць”, а працуюць. Пасяджэнне Сейма тычыцца праблемы мігрантаў ды ўцекачоў, Качыньскі выказаў занепакоенасць перад тымі наступствамі, якія, на яго думку, могуць быць у выпадку прыняцця ўцекачоў:
– Спачатку колькасць замежнікаў павялічваецца, пазней яны не шануюць, яны не хочуць шанаваць, дэкларуюць, што не будуць шанаваць нашага права, нашых звычаяў. А пазней дыктуюць свае патрабаванні ў грамадскім жыцці, у розных сферах жыцця, і гэта агрэсіўным чынам і гвалтоўным. Калі хтосьці кажа, што гэта не праўда, то няхай паглядзіць на Еўропу.
Джон Годсан (Фота newspix.pl)
Дэпутат польскага Сейма Джон Годсан з Польскай сялянскай партыі (PSL) у сваім выступе адказаў на перасцярогі Яраслава Качыньскага:
– Спадар прэм’ер Качыньскі казаў пра сваю боязь, якая датычыць ісламізацыі Еўропы, але хачу сказаць, што ісламізацыя Еўропы адбываецца не з-за мусульман, а а з-за таго, што мы як хрысціяне перасталі верыць і пераслі быць сапраўднымі сведкамі Ісуса Хрыста. Баіцеся ісламізацыі Еўропы? Пачніце насамрэч верыць і быць вучнямі Ісуса Хрыста.
Польскі дэпутат Джон Годсон прыгадаў, што Польшча вядомая сваёй прыхільнасцю да ідэяў салідарнасці.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя