Польскі сенат прыняў рэзалюцыю па Беларусі



Сенат – вышэйшая палата польскага парламенту аднагалосна прыняла рэзалюцыю па Беларусі. Дакумент заклікае ўлады ў Менску спыніць рэпрэсіі і наладзіць дыялог з грамадзянамі, а таксама заклікае прэзідэнта і ўрад Польшчы аказаць ціск на беларускія ўлады і склікаць Раду нацыянальнай бяспекі.

У рэзалюцыі польскі сенат заклікае Аляксандра Лукашэнку і ўрад Беларусі „весці дыялог з грамадзянамі і паважаць правы меншасці, спыніць рэпрэсіі і неадкладна вызваліць усіх затрыманых у сувязі з нядаўнімі выбарчымі акцыямі, паважаць і выконваць рэкамендацыі, якія змяшчаюцца ў чарговых рэзалюцыях Еўрапарламента і АБСЕ, аказваць павагу да ўласных грамадзян, іх памкненняў і правоў”.

Сенат просіць прэзідэнта і польскі ўрад склікаць Раду нацыянальнай бяспекі, каб абмеркаваць наступствы падзей у Беларусі для Польшчы. Палата просіць прадставіць дзеянні па падтрымцы беларусаў, якія змагаюцца за свабоду і дэмакратыю, а таксама стан падрыхтоўкі да прыёму беларусаў, якія могуць знайсці прытулак у Польшчы. Сенат патрабуе „асаблівай падтрымкі ў цяперашняй сітуацыі” незалежным СМІ і міжнародным праваабарончым арганізацыям.

senat.gov.pl